Ірына Пярцова – адна з удзельніц палітычных перфомансаў, за якія 20 траўня 2022г. былі асуджаны чацвёра жыхароў Віцебска. Усе яны атрымалі розны тэрмін зняволення, Ірына Пярцова – найменшы. Суддзя Віцебскага раённага суду Міхаіл Зубеня прызнаў жанчыну вінаватай паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэкса (Хуліганства, здзейсненае групай асобаў), і з улікам таго, што ў яе ёсць малое дзіця, асудзіў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі. Яна ўжо выйшла на волю, але высветлілася, што яна вінаватая зноў – за тое, што не выдаліла з тэлефона здымкі пра пратэстныя падзеі 2020 г.
Пасля затрымання ў верасні 2021 г. сілавікі забралі ў Ірыны Пярцовай тэлефон. У чэрвені 2023г., калі жанчына ўжо выйшла на волю па сканчэнні пакарання па крымінальнай справе, яе прызналі вінаватай паводле адміністрацыйнага артыкула 24.23 КаАП. Быў складзены пратакол пра тое, што ў сетцы «ВКонтакте» знайшлі фотаздымкі падзеяў жніўня-верасня 2020г. У судзе Першамайскага раёна суддзя Наталля Карабліна аштрафавала Ірыну Пярцову на 1850 рублёў.
Станіслаў Іваноўскі