Серада, 28 Чэрвень 2023

Твітэр «Віцебскай Вясны» таксама прызналі «экстрэмісцкімі матэрыяламі»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Адпаведнае рашэнне, што даволі нечакана, прыняў суд Ленінскага раёну Берасця. У судовай пастанове ад 19 чэрвеня гаворыцца, што «экстрэмісцкімі матэрыяламі» прызнаны «кантэнт у акаўнце «Вiцебская Вясна» сацыяльнай сеткі Twitter. Гэты рэсурс, заснаваны ў верасні 2018г., мае каля 250-ці сталых чытачоў. Праваабаронцы просяць усіх быць асцярожнымі: калі вы знаходзіцеся ў Беларусі, то пазбягайце каментароў і рэпостаў з інтэрнэт- рэсурсаў «Віцебскай Вясны». Падпіска на іх таксама можа быць расцэнена як распаўсюд «экстрэмісцкіх матэрыялаў».

6-га сакавіка гэтага году «экстрэмісцкім» быў прызнаны Тэлеграм-канал «Віцебскай Вясны, адпаведнае рашэнне прыняў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску. Летась у спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў трапіў сайт «Віцебская Вясна», аднайменныя старонкі ў сацыяльных сетках «Одноклассники» і Facebook. Рашэнне пра гэта 27 студзеня 2022г. было прынята судом Чыгуначнага раёну Гомеля. Усе гэтыя рэсурсы былі створаны мясцовымі праваабаронцамі і журналістамі дзеля таго, каб пашыраць сярод жыхароў Віцебшчыны абʼектыўную і поўную інфармацыю, датычную найперш да тэмы правоў чалавека – як грамадзянскіх і палітычных, гэтак і сацыяльных, эканамічных, культурных.

Будзьце асцярожныя, але памятайце: на чытанне навінаў адміністрацыйная адказнасць не распаўсюджваецца. Арышт або штраф можа быць прысуджаны толькі за «спрыянне» пашырэнню кантэнту так званай «экстрэмісцкай інфармацыі».

Таццяна Віктарава