Панядзелак, 03 Ліпень 2023

У Віцебскай вобласці па крымінальных артыкулах ужо асуджаныя 7 дэпутатаў

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота

Неяк растлумачыць гэты рэпутацыйны правал "народных абраннікаў" і якія арганізацыйныя меры плануе прыняць Віцебскі абласны Савет дэпутатаў для аднаўлення "палітычнай рэнаме" дэпутацкага корпуса перад выбарамі 2024 года, пакуль не зразумела.

Сапраўды, за першае паўгоддзе 2023 года ў Віцебскай вобласці былі асуджаныя па крымінальных артыкулах сем дэпутатаў.

Самым масавым па крымінальных злачынствах паказаў сябе Полацкі рэгіён, дзе вельмі часта бывае з візітамі Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава. Цяпер судам Полацкага раёну прыцягнуты да крымінальнай адказнасці тры дэпутаты сельскіх Саветаў.

А менавіта, дэпутат Андрэй Гараеў абвінавачаны ў незаконных дзеяннях у дачыненні да агнястрэльнай зброі, Анастасія Табольжына якая займалася махлярствам у буйным памеры, Браніслаў Піліпёнак які краў шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі.

Цяпер праходзіць суд над дэпутатам Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў Антонам Дубовікам. Следства лічыць, што ён, працуючы гендырэктарам Віцебскага ДБК, атрымліваў хабар і здзяйсняў крадзяжы выкарыстоўваючы свае службовыя паўнамоцтвы.

18 красавіка суд Лёзненскага раёна прызнаў дэпутата Юрыя Заблоцкага вінаватым атрыманне хабару, паўторна здзейсненае асобай, якая займае адказнае становішча.

На падставе часткі 3 артыкула 430 КК яго прыгаварылі да пазбаўлення волі на 5 гадоў 6 месяцаў і штрафу ў 11 000 рублёў. Праўда, ён абіраўся ў Магілёўскай вобласці дэпутатам Бялыніцкага раённага савета дэпутатаў 27 і 28 скліканняў.

За перавышэнне ўлады ў маі быў асуджаны былы намеснік старшыні Аршанскага райвыканкама, дэпутат і намеснік старшыні Барздоўскага сельскага Савета дэпутатаў Андрэй Канстанцінаў, а ў Шумілінскім раёне была прызнана вінаватай у злачынстве галоўны заатэхнік сельскага прадпрыемства “Мішневічы” дэпутатка мясцовага сельскага Савета Марыя Барысава, якая займалася службовымі падробкамі.

Рэальны тэрмін пакуль атрымаў былы дырэктар Віцебскага ДВЛГА Заблоцкі, усе астатнія абмежаваліся «хатнімі хіміямі» або пазбаўленнем волі з адтэрміноўкай выканання пакарання.

Клара Зорына