Дзяржабвінаваўца Таццяна Коцур папрасіла суд прызнаць Патрэбку вінаватым у абразе прэзідэнта і прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу на 3 гады.
Пад час судовых спрэчак спадарыня Коцур паведаміла, што Андрэй Патрэбка 25 разоў у перыяд з 5 жніўня 2020 г. па 11 жніўня 2021 г. у сацыяльных сетках «Аднакласнікі» і «ВКонтакце» размяшчаў тэксты і каментары абразлівага характару ў дачыненні да прэзідэнта і прадстаўнікоў ураду Беларусі, выказваючы адкрытую непрыязнасць і маючы намер на публічнае прыніжэнне і абразу годнасці. Зрэшты, агучаныя ў судзе вынікі лінгвістычнай экспертызы сведчаць пра тое, што частка выказванняў Андрэя Патрэбкі пра Аляксандра Лукашэнку і Наталлю Качанаву хоць і ўтрымлівае ненарматыўную лексіку, але не мае негатыўных ацэнак.
Андрэй Патрэбка пацвердзіў, што каментары і тэксты ў інтэрнэце належаць яму асабіста. У адказ на пытанне дзяржабвінаваўцы, навошта ён публікаваў такія выказванні, падсудны адказаў, што яму не падабаецца стыль зносінаў Аляксандра Лукашэнкі і абыякавасць да надзённых праблемаў з боку мясцовых уладаў. Тут трэба зазначыць, што жыхар Полаччыны мае актыўную грамадзянскую пазіцыю, у тым ліку па пытаннях сацыяльна-эканамічных: ён неаднаразова ўздымаў праблему добраўпарадкавання ў пасёлку Фарынава, выказваўся пра малыя заробкі на беларускіх прадпрыемствах, перыядычныя падвышэнні коштаў на паліва, нізкую якасць медычных паслугаў і г.д.
Андрэя Патрэбку затрымалі 24 снежня 2021 году. Да затрымання ён працаваў у Наваполацку брыгадзірам-цесляром у фірме «РэгіёнБудПолацк» па дамове падраду. Судовы працэс над ім распачаўся 5 траўня, і ўжо 17 траўня мае быць абвешчаны вырак.
Міхась Хмара