Чацвярых жыхароў Віцебску вінавацяць – у залежнасці ад удзелу ў згаданых дзеяннях – паводле трох артыкулаў Крымінальнага Кодэксу: ч.2 арт. 339 (злоснае хуліганства); ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак); арт. 341 (псаванне маёмасці ў іншых грамадскіх месцах пры адсутнасці прыкмет больш цяжкага злачынства). Прысуд будзе агучаны 20 траўня ў 14.30.
Суддзя Міхаіл Зубеня разбірае супольную справу, у якую ўключаны некалькі эпізодаў: псаванне банэра з выявамі супрацоўнікаў ДАІ, інсцэніроўка «пахавання Аляксандра Лукашэнкі» на віцебскіх могілках «Арэхава», дэманстратыўнае спаленне дзяржаўных газет і разбіванне імправізаванага тэлевізійнага экрана з наклееным партрэтам Грыгорыя Азаронка. Прадстаўнік дзяржаўнага абвінавачання заявіў, што злоснае хуліганства, якое ён бачыць у згаданых дзеянняў, было здзейснена па матывах палітычнай, ідэалагічнай і сацыяльнай варожасці, і што такія дзеянні падрываюць аўтарытэт улады, спрыяюць падзенню прэстыжу і негатыўна ўплываюць на працу дзяржаўнага апарату.
Пракурор падкрэсліў, што ў СІЗА Арцём Латышаў, Кацярына Макарэвіч і Юлія Лабунова пастаўлены на ўлік як асобы, схільныя да экстрэмісцкай дзейнасці. Што да Ірыны Пярцовай, то ён просіць улічыць наяўнасць непаўнагадовага дзіцяці і супрацоўніцтва са следствам. Зыходзячы з названых акалічнасцяў, дзяржабвінаваўца папрасіў суд вынесці падсудным наступныя пакаранні:
Ірыне Пярцовай паводле ч. 2 арт. 339 Крымінальнага кодэксу – два з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Юлі Лабуновай паводле ч. 2 арт. 339 КК – чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Кацярыне Макарэвіч паводле ч. 1 арт. 342 і ч. 2 арт. 339 КК адпаведна, па сукупнасці пакаранняў, два і тры з паловай гады пазбаўлення волі. Канчаткова – чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму;
Арцёму Латышаву паводле арт. 341 і ч. 2 арт. 339 КК па сукупнасці пакаранняў два і чатыры з паловай гады пазбаўлення волі, Канчаткова – шэсць гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.
Нагадаем, што ўсе чацвёра былі затрыманыя ў верасні 2021 году, 7 месяцаў у чаканні суду яны правялі ў Віцебскім СІЗА. У лістападзе праваабарончая супольнасць прызнала іх палітвязнямі. Судовы працэс у судзе Віцебскага раёну над Ірынай Пярцовай, Арцёмам Латышавам, Кацярынай Макарэвіч і Юліяй Лабуновай распачаўся 25 красавіка. 4 траўня ў Віцебскім абласным судзе распачаўся працэс над Паўлам Сакаловым, затрыманым у межах той самай крымінальнай справы. Але суд над ім праходзіць у закрытым рэжыме: на момант затрымання было вядома толькі тое, што Паўла Сакалова абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі.
Сцяпан Міхноў