Разам з моладдзю пастаўскай парафіі Езуса Міласэрнага ксёндз выпускаў відэаролікі. Адзін з іх, пад назовам «Ліст», быў адрасаваны польскай моладзі. Паводле сюжэту, жыхарка Беларусі піша ліст у Польшчу пра тое, што простыя беларускія людзі не падтрымліваюць вайну ва Украіне. У відэароліку быў выкарыстаны фрагмент дакументальных здымак з лагатыпам «Белсат» і бел-чырвона-белым сцягам, гэта суд і прызнаў «распаўсюдам экстрэмісцкіх матэрыялаў».
Ксёндз Андрэй Бульчак – грамадзянін Польшчы. І ён быў вымушаны з’ехаць на Радзіму заўчасна, бо добра ўсведамляў, што працягваць служэнне ў Паставах яму не дазволяць. Дазвол на працу ў Беларусі ў яго мае скончыцца ў траўні. Тут, у прыватнасці, на Віцебшчыне, ксёндз Андрэй працаваў на працягу апошніх 14-ці гадоў. Падчас ягонага святарства быў збудаваны новы касцёл у Чашніках, а потым святара перавялі на працу ў Паставы, дзе ён таксама кіраваў будаўніцтвам новага касцёла, які сёння ўжо практычна гатовы.
Не маючы магчымасці развітацца з парафіянамі, Андрэй Бульчак запісаў апошні відэазварот да іх ужо з Польшчы. Перадаючы прывітанне дзецям парафіі, святар пажадаў ім жыць у вольнай Беларусі.
Эмілія Протас