Андрэя Патрэбку затрымалі 24 снежня 2021 году. Да затрымання ён працаваў у Наваполацку брыгадзірам-цесляром у фірме «РэгіёнБудПолацк» па дамове падраду. Жыве ў пасёлку Фарынава.
Паводле абвінавачання, з 5.08.2020 па 11.08.2021 года, Патрэбка, «дзейнічаючы са злачынным намерам, выказваючы адкрытую непрыязь і маючы намер на публічнае прыніжэнне і абразу годнасці Лукашэнкі, у сацыяльнай сетцы «ВКонтакте» і «Аднакласнікі» неаднаразова размяшчаў розныя тэксты абразлівых паведамленняў». Усяго ў справе фігуруюць больш за дваццаць эпізодаў.
Судовы працэс пачаўся 5 траўня. Сваю віну Андрэй Патрэбка ў судзе прызнаў цалкам.
На пытанне пракуроркі, у сувязі з чым публікаваў каментары і чым гэта было абумоўлена, паведаміў суду, што яму не падабаецца стыль зносінаў Лукашэнкі.
На судовае пасяджэнне не з’явіліся ўсе заяўленыя пракуратурай сведкі, таму суддзя абвясціў перапынак да суботы 14 траўня.
Міхась Руды