Справу разглядае суддзя Алена Жук. Пацярпелыя ў сувязі з рознымі абставінамі ў судовым паседжанні ўдзелу не бралі. Аляксандр Сафонаў віну прызнаў, ад паслугаў адваката адмовіўся.
«Пад уплывам агульнага негатыўнага настрою»
Паводле папярэдняга следства, Аляксандр Сафонаў, знаходзячыся ў вёсцы Бароўка Лепельскага раёну, 24 чэрвеня 2020 году са свайго мабільнага тэлефону ў сацсетцы «Аднакласнікі» наўмысна зрабіў каментар зневажальнага зместу ў дачыненні да старшага лейтэнанта ДАІ Ігара Вольніча. Допіс з ужываннем ненарматыўнай лексікі быў пакінуты на старонцы Вольгі Карач пад фота з надпісам: «Гэта я так спрытна прыціснуў да тратуару галаву мірнага дэманстранта падчас затрымання. Ігар Вольніч, супрацоўнік ДПС ДАІ г. Ганцавічы». «Пад уплывам агульнага негатыўнага настрою» Сафонаў пакінуў пад фота некалькі сказаў, ужыўшы словы «г…он», «м…зи», «т…ри».
Таксама ў перыяд ад 9-га па 11 ліпеня, знаходзячыся ў Менску, Сафонаў у «Аднакласніках» на старонцы Карач пакінуў другі абразлівы каментар – у дачыненні да супрацоўніка Першамайскага РАУС Бабруйску капітана міліцыі Андрэя Комара. Выкарыстаў словы «ж...па», «очередной мус...нок», «пид...к».
Паабяцаў, што напіша пацярпелым лісты
Аляксандр Сафонаў віну прызнаў. Запэўніў, што неўзабаве напіша лісты абодвум пацярпелым і папросіць прабачэння. Патлумачыў, што ў той час «знаходзіўся ў складаным псіхаэмацыйным стане», выкліканым сямейнымі абставінамі. Праглядаў каментары ў «Аднакласніках», якія ў асноўным былі негатыўнага зместу, і не думаў пра наступствы. Прыгадаў, што аднойчы быў незаконна затрыманы міліцыянтам ППС і спантанна выплюхнуў эмоцыі на Вольніча і Комара.
Запэўніў, што ў палітычных пратэстах 2020 году ўдзелу не браў.
«Падарваў прэстыж упраўленчай дзейнасці»
Падчас судовых спрэчак пракурорка заявіла, што «прыведзеныя ў судзе факты ў сваёй сукупнасці могуць быць пакладзеныя ў аснову абвінаваўчага прысуду, бо віна Сафонава даказана ў поўным аб’ёме». На думку пракуратуры, абодва каментары прыніжаюць гонар і годнасць супрацоўнікаў міліцыі, падрываюць аўтарытэт улады. Пракурорка засяродзіла ўвагу, што ўчыненае Сафонавым злачынства ёсць злачынствам, «скіраваным супраць парадку кіравання». Яно «падрывае прэстыж упраўленчай дзейнасці», «ставіць пад пагрозу нармальнае функцыянаванне сістэмы дзяржаўнага кіравання».
Пракурорка прасіла суд прызнаць Сафонава вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і на падставе санкцый арт. 369 КК прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання свабоды з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу на два гады і шэсць месяцаў.
Таксама прасіла задаволіць пазоў аб кампенсацыі маральнай шкоды, заяўлены пацярпелымі Вольнічам і Комарам. Меру стрымання да набыцця прысудам законнай моцы прасіла пакінуць ранейшую – падпіску аб нявыездзе.
Прасіў не абмяжоўваць свабоды
У сувязі з адсутнасцю адваката Аляксандр Сафонаў абараняў сябе сам.
У прыватнасці, ён заявіў, што «не з’яўляецца палітычным інтрыганам і не мае нянавісці да сілавых структураў». Адзначыў, што ён добры чалавек. Запэўніў, што, застаўшыся на волі, сваёй працай прынясе больш карысці, дапаможа маці-пенсіянерцы і сыну, якія патрабуюць ягонага клопату. Прасіў не абмяжоўваць ягонай свабоды.
Сказаў, што вельмі раскайваецца.
Вырак у справе абвесцяць 5-га лістапада ў 14.30.
С. Горкі