Праваабаронца Павел Левінаў вымушаны быў звярнуцца ў Віцебскі абласны суд пасля таго, як суд Першамайскага раёну адмовіўся распачынаць грамадзянскую справу ў дачыненні да журналіста Рыгора Азаронка, спаслаўшыся на «непадведамнасць».
«Рашэннем суду Першамайскага раёну Віцебску ад 16 верасня 2021 году ў завядзенні грамадзянскай справы па заяве адмоўлена», – паведаміла суддзя Святлана Волкава. І патлумачыла, што «ў вызначэнні суд указаў, што адмовіў з прычыны непадведамнасці гэтай заявы суду». Суд Першамайскага раёну Віцебску спаслаўся на артыкулы 6 і 19 закону «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму», згодна з якімі «суб'ектамі супрацьдзеяння экстрэмізму ў межах іх кампетэнцыі зʼяўляюцца: органы ўнутраных спраў; органы дзяржаўнай бяспекі; органы пракуратуры; органы пагранічнай службы; мытныя органы; орган дзяржаўнай аховы; Следчы камітэт» ды іншыя дзяржорганы.
Суд адзначыў, што Павел Левінаў «не зʼяўляецца субʼектам супрацьдзеяння экстрэмізму», а таму не можа звяртацца ў суд з просьбай прызнаваць экстрэмісцкімі матэрыяламі матэрыялы «журналіста Азаронка».
У прыватнай скарзе праваабаронца тлумачыў, што быў вымушаны звярнуцца ў суд, бо пералічаныя «субʼекты супрацьдзеяння экстрэмізму» не рэагуюць на ягоныя просьбы звярнуцца ў суд з заявай аб прызнанні экстрэмізмам працы Азаронка – і бяздзейнічаюць.
Суддзя Святлана Волкава не падтрымала довады праваабаронцы і вырашыла яго прыватную скаргу пакінуць без задавальнення, а судовае вызначэнне суду Першамайскага раёну – без зменаў.
Рыгор Азаронак – адыёзны дзяржаўны прапагандыст, які працуе на беларускім тэлебачанні. Набыў скандальную вядомасць сваімі рэзкімі і чалавеканенавісніцкімі заявамі на адрас беларускіх грамадзян, якія не падзяляюць палітыку афіцыйных уладаў. Як запэўніваў Лукашэнка, Азаронка за ягоныя погляды хацелі выкрасці і адрэзаць язык. Цяпер ён працуе вядоўцам на СТВ, язык яму ніхто не адрэзаў. Ва Украіне яго ўнеслі ў базу «Міратворац» – у спіс людзей, якіх лічаць ворагамі краіны. Там яго абвінавачваюць у антыўкраінскай прапагандзе.
Уладзімір Бяляўскі