Пракурорскі пратэст і міліцэйскую скаргу разглядала суддзя Ірына Смалякова. Нагадаем, справа Змітра Лупача была спыненая праз недаказанасць віны.
Пратэст на скасаванне справы быў прынесены 28 траўня. Выканаўца абавязкаў пракурора Докшыцкага раёну Надзея Міцько ўказвае на «аднабаковасць, непаўнату і неаб’ектыўнасць даследавання абставінаў адміністрацыйнага правапарушэння». У сваім пратэсце пераконвае, што суддзя Корсак не ў поўным аб’ёме прааналізаваў матэрыялы справы і не прыняў да ведама абставіны вырабу Змітром Лупачом рэпартажу пад назвай «Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан».
У сваю чаргу начальнік докшыцкай міліцыі Сяргей Каралевіч у сваёй скарзе сцвярджае, што высновы суду аб недаказанасці віны Лупача будуюцца на аднабаковай і неаб’ектыўнай ацэнцы доказаў. Прасіў пастанову суддзі Дзяніса Корсака адмяніць, а справу накіраваць на новы разгляд.
Суддзя Ірына Смалякова, разгледзеўшы скаргу міліцыянта і пратэст пракурора, пастанавіла рашэнне суду Докшыцкага раёну адмяніць, а справу накіраваць на новы разбор у той жа суд іншым суддзём.
Зміцер Лупач на паседжанне ў Віцебскім абласным судзе не прыехаў.
С. Горкі