Серада, 19 Май 2021

Докшыцкі суд спыніў справу журналіста Змітра Лупача за «Леніна ў цэлафане»

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)
Фота: baj.by Фота: baj.by

Суддзя Докшыцкага раённага суду Дзяніс Корсак 18 траўня спыніў адміністрацыйную справу журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача. Яго вінавацілі ў парушэнні Закона аб СМІ і хацелі прыцягнуць да адказнасці паводле арт. 23.5 КаАП («Незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ»), паведамляе служба маніторынгу Беларускай асацыяцыі журналістаў.

Падставай для складання пратаколу на Змітра Лупача стаў фельетон на YouTube-канале «Белсату» пад назвай «Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан».

Пратакол на журналіста склаў маёр міліцыі Докшыцкага РАУС Андрэй Юргель.

Сведкам на судзе ў Лупача быў краязнаўца з Докшыцкага раёну Кастусь Шыталь, які быў героем фельетона. Кастусь сказаў, што запісвала яго жанчына, а не Зміцер Лупач. Другім сведкам павінна была быць журналістка-фрылансерка з Віцебску Алена Шабуня. Але яна на суд не з’явілася, бо знаходзілася за мяжой. Суддзя пастанавіў працягваць судовы працэс без яе прысутнасці.

Заслухаўшы паказанні сведкі, самога абвінавачанага і вывучыўшы справу, суддзя Дзяніс Корсак пасля дзесяціхвіліннага перапынку агучыў рашэнне спыніць справу праз недаказанасць віны.

Зміцер Лупач кажа, што быў здзіўлены і не чакаў такога выніку суду. Маўляў, падчас іншых працэсаў у дачыненні да яго здаралася, спадзяваўся на спыненне спраў, але зараз сапраўды не чакаў такога завяршэння. Меркаваў, што прызначаць штраф, і хваляваўся, што будуць яшчэ якія-небудзь наступствы.

Падтрымаць Змітра Лупача прыехалі яго калегі-журналісты з Глыбокага, а таксама докшыцкія грамадскія актывісты. Але на судовы працэс пусцілі не ўсіх – толькі чатырох чалавек, хоць, як казалі жыхары Докшыц, раней у залу суду пускалі пяць чалавек. Як паведаміла прысутным сакратар судовага пасяджэння, пусцяць чатырох, бо слуханне справы будзе адбывацца ў меншай зале.

Зміцер падзякаваў усім за падтрымку і салідарнасць, якія вельмі важныя ў такі няпросты час.

Наперадзе глыбоцкага журналіста чакае яшчэ адзін суд – 25 траўня ў Браславе. Яго зноў будуць судзіць за фельетон.

Да таго ж увечары 18 траўня маёр міліцыі Сяргей Цырбан выклікаў Змітра Лупача ў Глыбоцкі РАУС. Падставай выкліку таксама стаў фельетон журналіста. У выніку міліцыянты склалі чарговы пратакол паводле арт. 23.5 КаАП.