Прысуд агучыў суддзя Дзяніс Аляксеенка. Былы чыноўнік прызнаны вінаватым і пакараны пазбаўленнем волі на 6 гадоў з адбываннем тэрміну ў калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Працэс над ім доўжыўся ад 7 траўня. Павел Краско сваю віну цалкам адмаўляў.
Суд таксама пастанавіў, што ў дачыненні да Краско мусіць быць «ужытая спецыяльная канфіскацыя адабраных у абвінавачанага 2600 рублёў, а таксама маёмасці, здабытай злачынным шляхам, якая знаходзіцца па месцы яго жыхарства, а таксама 3188,97 рублёў за кошт цаны маёмасці, здабытай злачынным шляхам».
Апроч таго, Паўлу Краско на 5 гадоў забаронена займаць адміністрацыйна-гаспадарчыя пасады.
На думку суду, былы начальнік аддзелу адукацыі «у перыяд са снежня 2019 году па кастрычнік 2020 году браў для сябе, у тым ліку паўторна, ад прадстаўнікоў юрыдычных асобаў у якасці хабару грашовыя сродкі і матэрыяльныя каштоўнасці, усяго іх прыняў на агульную суму не менш за 7176, 07 рублёў».
У матэрыялах крымінальнай справы фігуруе некалькі будаўнічых фірмаў, ад якіх чыноўнік нібыта атрымліваў матэрыяльныя каштоўнасці за вырашэнне пытанняў, звязаных з рамонтнымі працамі на аб'ектах адукацыі Першамайскага раёну Віцебску.
Так, паводле абвінавачання, ад «СП Візір» Краско атрымаў у якасці хабару 1200 беларускіх рублёў, а таксама кухоннае абсталяванне (выцяжка, варачная панэль, духавую шафу).
У якасці хабарадавальнікаў у справе фігуруюць фірмы «Віцебскхолад» і «Витсантехстрой» (Вітсантэхбуд).
Прадстаўнікі будаўнічых арганізацыяў выступалі на судзе ў якасці сведак з боку абвінавачання. Супраць іх крымінальных спраў за дачу хабару не распачыналі.
На судзе Павел Краско заяўляў, што «яго падставілі», і сваё віну цалкам адмаўляў.
Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны ў апеляцыйным парадку.
Уладзімір Бяляўскі