14 снежня шэсць студэнтак на пятым паверсе будынку ВДМУ правялі акцыю ў падтрымку зняволеных навучэнцаў ВНУ. Дзяўчаты сфатаграфаваліся, трымаючы ў руках бел-чырвона-белы сцяг і плакаты з надпісамі: «Свабоду Яну Салановічу!», «Свабоду палітзняволеным студэнтам!».
Паводле пратаколу, Нітчанка і Лявонцьева (астатніх удзельнікаў акцыі міліцыя не ідэнтыфікавала) «ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні з мэтай публічнага выказвання сваіх асабістых інтарэсаў»э
Адзначым, што Паліна Нітчанка мусіла 22 студзеня вызваліцца з віцебскага ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ), дзе адбывала пакаранне арыштам на 7 сутак за ўдзел у відэазвароце студэнтаў да ўладаў, але на волю так і не выйшла: міліцыя затрымала яе па іншай справе. У працэсе дзяўчына ўдзельнічала праз відэасувязь па скайпе.
Анастасія Лявонцьева ад свайго ўдзелу ў пратэставай фотасэсіі не адмовілася. Але паведаміла, што, акрамя сваёй сяброўкі Паліны, іншых удзельнікаў акцыі не ведае. Спаслалася таксама на арт. 33 Канстытуцыі, які гарантуе ёй «свабоду меркаванняў, перакананняў і іх свабоднае выказванне».
Нітчанка ж заявіла на судзе, што нічога, акрамя экзамену, здадзенага ёй у той дзень, не памятае. Сябе на прадэманстраваным фота не пазнала.
Капітан Кастрычніцкага РАУС Віталь Праліч, які праводзіў праверку і рыхтаваў дакументы для перадачы ў суд, патлумачыў, што Паліну Нітчанку на фота апазнаў ён, бо ведаў яе раней. Апазналі дзяўчыну і намеснікі дэкана універсітэту Святлана Казлоўская, Яраслаў Перавалаў і загадчыца інтэрнату №2 Валянціна Свірыдзенка.
Даследаваўшы матэрыялы справы, суддзя Уладзімір Царыкаў прыйшоў да высновы, што факт удзелу 14 студзеня Лявонцьевай і Нітчанкі ў несанкцыянаваным пікетаванні знайшоў сваё пацверджанне. Пастанавіў аштрафаваць Анастасію Лявонцьеву на 16 базавых велічыняў (464 рублі), а Паліну Нітчанку пакараць адміністрацыйным арыштам на 10 сутак. Такім чынам, Паліна агулам правядзе за кратамі віцебскага ІЧУ 17 сутак.
С. Горкі