15 студзеня Паліна Нітчанка патэлефанавала маці і паспела паведаміць, што «за ёй прыйшлі». Суд адбыўся на наступны дзень. Паліну прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і прысудзілі 7 сутак за ўдзел у відэазвароце студэнтаў Віцебску, запісаным у канцы кастрычніка, – яго палічылі несанкцыянаванай акцыяй.
Гэта быў ужо трэці яе адміністрацыйны працэс. Першы раз Паліну судзілі за ўдзел у вулічным шэсці 20 верасня. Другі – за студэнцкую акцыю салідарнасці 26 кастрычніка, у якой хлопцы праспявалі на вуліцы ля ўніверсітэту цоеўскую «Перамен!». Агулам студэнтку аштрафавалі раней на 44 базавыя велічыні (у 2020 годзе гэта было 1188 рублёў), трое сутак да судоў яна адбывала ў ІЧУ.
Нагадаем, 29 снежня за ўдзел у тым жа відэазвароце на 5 сутак арышту быў асуджаны студэнт тэхналагічнага ўніверсітэту Аляксандр Ткачоў. Студэнткі ВДТУ Яніна Вакар і Юлія Хомчанка былі пакараныя штрафамі адпаведна на 4 і 5 базавых велічынь.