Пятніца, 22 Студзень 2021

Да двух гадоў «хіміі» прысудзілі навапалачан Віктара Шаўру і Віталя Шыцікава – за падзеі 10 жніўня

Ацаніць гэты матэрыял
(5 галасоў)

Суд гораду Наваполацку 21 студзеня вынес прысуд у крымінальнай справе супраць Віктара Шаўры і Віталя Шыцікава паводле арт. 342 КК (арганізацыя альбо актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак) за падзеі 10 жніўня ў Наваполацку. Суддзя Віталь Лапко асудзіў іх на два гады «хіміі» кожнага, паведамляе ПЦ «Вясна».

Нагадаем, Віктар Шаўра быў затрыманы ў Наваполацку ўвечары 10 жніўня. Віктар Шаўра быў прызнаны палітычным зняволеным, пазней яго выпусцілі пад падпіску. Віталь Шыцікаў таксама знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе.

Паводле абвінавачвання, «Віктар Шаўра разам з Віталём Шыцікавым і іншымі неўстаноўленымі асобамі вечарам 10 жніўня прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушылі грамадскі парадак... разам з іншымі рухаліся па праезнай частцы вуліцы Маладзёжнай Наваполацку, ішлі наперадзе групы грамадзян, на забаронены сігнал святлафора, перакрывалі рух транспарту, гучна крычалі «Жыве Беларусь!», «Ганьба», «Позор», «Уходи!», пляскалі ў далоні, нецэнзурна лаяліся ў бок прадстаўнікоў праваахоўных органаў».

Суд гораду Наваполацку (суддзя Віталь Лапко) асудзіў Шаўру і Шыцікава на 2 гады абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.