Скарга датычылася спагнаньня, вынесенага Міхаілу Жамчужнаму 20 ліпеня 2016 году за тое, што ён нібыта самавольна выйшаў за межы лякальнага ўчастку атраду №18 у папраўчай калёніі №14 у Навасадах, дзе ён цяпер адбывае пакараньне. Тое, што яго з тэрыторыі лякальнага ўчастку вывеў маёр унутранай службы Кот, суд не прыняў пад увагу. У выніку гэтага спагнаньня палітвязень быў пазбаўлены кароткатэрміновага спатканьня.
Палітвязень спачатку абскардзіў спагнаньне ў судзе Барысаўскага раёну, які 31 кастрычніка 2016 году прызнаў яго абгрунтаваным. На рашэньне суду была пададзеная касацыйная скарга ў Менскі абласны суд, які 12 студзеня 2017 году прыпыніў вытворчасьць па справе і абавязаў суд Барысаўскага раёну правесьці дадатковыя працэсуальныя дзеяньні: апытаць самога Жамчужнага, маёра Ката, асуджаных, якія былі сьведкамі інцыдэнту. Судзьдзя Шутко двойчы апытваў у калёніі Міхаіла Жамчужнага і сьведак, высьвятляючы акалічнасьці справы, аднак, як гэта прагучала ў рашэньні Менскага абласнога суду, доказы палітвязьня не пацьвердзіліся, дзеяньні адміністрацыі калёніі былі прызнаныя абгрунтаванымі.
Варта адзначыць, што гэтае спагнаньне было выкарыстанае адміністрацыяй калёніі дзеля ініцыяваньня пераводу Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым утрыманьня. Перанос судовага працэсу з 2 сакавіка на 23 сакавіка быў якраз зьвязаны з тым, што на той момант не былі разгледжаны ўсе скаргі палітвязьня на спагнаньні, якія леглі ў аснову ініцыяваньня пераводу ў турму. Такім чынам, у выніку сёньняшняга рашэньня Менскага абласнога суду перашкодаў для суду ў прыняцьці рашэньня аб пераводзе Міхаіла Жамчужнага на турэмны рэжым утрыманьня не засталося.