Летась 27 ліпеня падчас супольнага пікету па зборы подпісаў яны павіншавалі мінакоў з чарговай гадавінай прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце краіны, сьпеўшы пад гітару дзьве песьні. Спачатку выканалілі разам «Магутны Божа», а пасьля Георгі Станкевіч прасьпяваў песьню «Сьцяг», словы і музыку да якой напісаў сам.
Палкоўнік міліцыі Ігар Скарыновіч угледзеў у дзеяньнях актывістаў парушэньне парадку арганізацыі і правядзеньня масавых вулічных акцыяў паводле часткі 1 адміністрацыйнага артыкулу 23.34. Бо яны сьпявалі ня там, дзе зьбіралі да таго подпісы, а на супрацьлеглым баку вуліцы Леніна, ля падземнага пераходу на выхадзе да летняга амфітэатру.
У ходзе судовага працэсу па справе судзьдзя Кастрычніцкага райсуду Ўладзімер Царыкаў палічыў, што, перайшоўшы на другі бок вуліцы, апазыцыйныя актывісты парушылі заканадаўства. Тую акалічнасьць, што падпісныя аркушы для збору подпісаў прэтэндэнты на дэпутацтва мелі з сабой, судзьдзя пад увагу ня ўзяў.
Пасьля таго, як пададзеную ў абласны суд касацыйную скаргу судзьдзя Сьвятлана Іванова не задаволіла, актывісты зьвярнуліся ў Вярхоўны Суд, спадзеючыся, што той скасуе рашэньне суду ніжэйшай інстанцыі.
І вось надоечы заяўнікі атрымалі судовую пастанову за подпісам намесьніка старшыні Вярхоўнага Суду Руслана Аніскевіча. Як вынікае з рашэньня ВС, разгледзеўшы матэрыялы справы, суд зьвярнуў ўвагу на тую акалічнасьць, што пікетаваньне праводзілася ў месцы, аддаленым ад першапачатковага на значную адлегласьць, а збор подпісаў пры гэтым ня ладзіўся. У выніку найвышэйшы судовы орган краіны прыйшоў да высновы, што «масавае мерапрыемства было праведзенае з парушэньнем палажэньняў закону “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь”».
Не знайшоў Вярхоўны Суд у скарзе і пацьверджаньняў супярэчнасьцяў пастановы райсуду нормам міжнароднага права.
Гэтых немудрагелістых абгрунтаваньняў хапіла для таго, каб Вярхоўны Суд падтрымаў ранейшую пазыцыю Кастрычніцкага суду Віцебску і пакінуў яго рашэньне ў сіле.
С. Горкі