Сябра нацыянальнай рады аргкамітэту БХД Уладзімер Сіманковіч у межах кампаніі “Рада народных дэпутатаў” сабраў 30 подпісаў пад скаргай у Віцебскі гарвыканкам. “У сувязі зь нездавальняючым станам падземнага пераходу па праспэкце Маскоўскім, скрыжаваньні з вуліцай Церашковай і вуліцай П. Броўкі, ініцыятыўная група грамадзян зьвяртаецца з просьбай аб садзейнічаньні гарадзкога выканаўчага камітэту ў рамонце ўсіх лесьвічных маршаў, якія вядуць да ўсіх выхадаў вышэйназванага аб’екту”, - гаворыцца ў скарзе.

УУС Віцебскага аблвыканкаму ладзіць праверку па факце скаргаў, што паступілі ад Максіма Гайкова, Тацьцяны Быкавай і Алега Квяцінскага ў адказ на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў праваахоўных ворганаў падчас рэйду на ЛГБТ-вечарыну ў віцебскім клюбе «21 стагодзьдзе» ў ноч з 12 на 13 студзеня. Цяпер актывістаў пачалі выклікаць ва УУС у мэтах дачы тлумачэньняў па прад’яўленых імі скаргах ў пракуратуру.

У 2012 годзе ў Віцебскай вобласьці было зьдзейсьнена 54 забойстваў і замахаў на забойствы. Гэта амаль на 12% адсоткаў больш, чымся год раней. Гэткія дадзеныя прагучалі на каардынацыйнай нарадзе па барацьбе са злачыннасьцю і карупцыяй у Віцебскай вобласьці. Паводле зьвестак Генпракуратуры, таксама ўзрасла на Віцебшчыне колькасьць злачынстваў, зьвязаных з наўмысным прычыненьнем цяжкіх цялесных пашкоджаньняў (са 157 да 182, або на 15,9%). Павелічэньне колькасьці злачынстваў гэтай катэгорыі адбылося ў 12 раёнах вобласьці, найбольш значнае - у Кастрычніцкім, Першамайскім раёнах гораду Віцебску, Віцебскам, Мёрскім і Пастаўскім раёнах, гарадох Наваполацку і Воршы.

Галоўны лекар Віцебскага абласнога клінічнага скурна-вэнэралягічнага дыспансэру Віктар Сьпірыдонаў выказаўся супраць высокіх коштаў на прэзерватывы. "Маніторынг коштаў, праведзены нашымі спэцыялістамі падчас рэйдавых прафіляктычных мерапрыемстваў, паказаў, што многія гандлёвыя прадпрыемствы ставяць на прэзэрватывы высокія гандлёвыя надбаўкі, абмяжоўваючы тым самым даступнасьць гэтых вырабаў для спажыўцоў. Пры гэтым варта ўсьведамляць, што ў першую чаргу да спажыўцоў гэтага тавару належыць моладзь, даходы якой ня вельмі высокія ", - адзначыў Віктар Сьпірыдонаў.

У Маскве завяршылася праца 20-й Міжнароднай выставы прадуктаў харчаваньня, напояў і сыравіны для іх вытворчасьці «Прадэкспа-2013». На працягу працоўнага тыдня – з 11 па 15 лютага – сваю прадукцыю дэманстравалі звыш за 2250 кампаніяў з 63 краін свету. Удзел у выставе ўзялі і 70 прадпрыемстваў зь Беларусі, не на апошнім месцы сярод якіх былі вытворцы Віцебшчыны.