Чарговы опус Андрэя Панкрата выйшаў на сайце «Глыбоцкага весніка». Гэтым разам галоўны рэдактар прыгадаў навіну пра тое, што ў Курскай вобласці быў заўважаны танк з узнятым бел-чырвона-белым сцягам. І заявіў, што «вся эта шумиха больше отражает иное: скудность положительных новостей как на украинских фронтах, так и в стане беглых предателей, у которых не осталось ничего, кроме подающей руки дядюшки Сэма». Прычым гэта адно з самых лагодных выказванняў прапагандыста на адрас сваіх апанентаў.

Полацк і Курск – гарады-пабрацімы. І таму збор дапамогі быў не столькі дабрачынным, колькі афіцыёзным: у ім узялі ўдзел і мясцовыя ўлады, і полацкія прадстаўнікі ГА «Белая Русь», і кіраўнікі прафсаюзных структур. Каб гэта абавязкова было заўважана і ўлічана, на месца збору яны прыйшлі у «спецадзенні» - у майках і шаліках з лагатыпамі. Кожная каробка гуманітарнага грузу таксама была пазначана сімволікай адпраўнікаў і мела суправаджальныя надпісы.

Міністэрства інфармацыі абнавіла спіс «экстрэмісцкіх» матэрыялаў на сваім сайце. У яго ўключылі асабістую старонку ў "Одноклассниках" жыхара Верхнядзвінскага раёна Уладзіміра Клопава (згодна з рашэннем суда Кастрычніцкага раёна Віцебска ад 15 жніўня). І старонку віцяблянкі Юліі Кухто у Facebook (згодна з рашэннем суда Цэнтральнага раёна Мінска ад 14 жніўня). 

Віцебскі актывіст Дзмітрый Карняенка атрымаў адказ ад Пракурора Лепельскага раёна Віталя Жыгімонта на свой зварот у гэтую ўстанову. Як вынікае з дакумента, факты, выкладзеныя заяўнікам, пацвердзіліся: рэдакцыя раённай газеты насамрэч стала «распаўсюднікам экстрэмізму», бо выкарыстоўвала фотаздымкі з вадзянымі знакамі партала, кантэнт якога ў Беларусі прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Але пракуратура лічыць, што пакараць адказных асобаў немагчыма.

Відэаблог называецца няўцямна: «Свята место». У анонсе да аднаго з відэаролікаў гаворыцца, што аўтар «выведет на чистую воду «змагаров» и покажет картину мира со своего места». Святаслаў Міхайлаў займае месца, ці пасаду, галоўнага спецыяліста ідэалагічнай работы і па справах моладзі Віцебскага аблвыканкама. Тады першае слова ў назве - напэўна,  памяншальная форма ад ягонага імя.