Сёлета ў лістападзе ў Лепельскім райвыканкаме прыём правёў старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы Сяргей Алейнік. Нагадаем, што проста так трапіць на прыём да члена Савета Рэспублікі немагчыма: спачатку трэба запісацца па тэлефоне. І менавіта на гэтым этапе адбываецца адбор: ці дапусціць чалавека з ягоным пытаннем на прыватную гутарку, ці не. Таму сцвярджэнне спарада Алейніка пра тое, што «обращений становится меньше, а значит большинство вопросов оперативно решаются и разъясняются представителями местной власти, компетентными службами» ужо гучыць сумнёўна.
Складана меркаваць пра паспяховасць вырашэння праблем на мясцовым узроўні, калі ў жыхароў няма інфармацыі пра тое, што змянілася пасля прыёму грамадзян. Да прыкладу, у 2022 годзе ў Лепель прыязжаў інспектар па Віцебскай вобласці Аляксей Ліневіч. Мясцовая газета «Лепельскі край» апісала тое, што адбывалася падчас прыёму грамадзян, але ці вырашыліся іх праблемы за два наступныя гады – не зразумела, бо пра гэта няма ніякіх звастак у мясцовым СМІ.
Ускосным сведчаннем таго, наколькі недарэчным выглядае сцверджанне пра змяншэнне колькасці зваротаў, з'яўляецц, прыкладам, мапа заявак на сайце 115.бел. Гэта заяўкі камунальнага характару, адказ на якія на мясцовым ўзроўні ўжо дакладна можна знайсці. Па горадзе Лепелі іх на 25 лістапада – 15. З гэтага вынікае, што на прыём да госця са сталіцы могуць прыйсці толькі 2-3 чалавекі, але гэта не сведчыць пра тое, што лепельскія адказныя службы працуюць так эфектыўна, што скаргаў у насельніцтва няма.
Урэшце, нельга не прыслухацца да статыстыкі агучанай нядаўна на пашыраным пасяджэнні Прэзідыума Савета Рэспублікі, якое прайшло ў Шуміліне. Сёлета ад Віцебскай вобласці ў Савет Рэспублікі з пачатку года паступіла 565 зваротаў. Іх колькасць у параўнанні з мінулым годам вырасла: у Савет Рэспублікі - на 4%, выканкамы - амаль на 10%, а ў аблвыканкам - на 21%. Найбольшая колькасць з іх датычыцца жыллёва-камунальнай гаспадаркі", - распавёў Максім Шэка, начальнік аддзела па рабоце са зваротамі грамадзян Сакратарыята Савета Рэспублікі. Ён таксама адзначыў, што за апошнія два гады на Віцебшчыне на 30 працэнтаў вырасла колькасць калектыўных зваротаў у Савет Рэспублікі. Акрамя таго, амаль кожны пяты з агульнай колькасці зваротаў - паўторны. Гэта сведчыць аб тым, што праблемы не вырашаюцца нават пасля таго, як заявы «спускаюць уніз» для варышэння на ўзроўні мясцовых выканкамаў.
Алег Рагальскі