Чацвер, 28 Лістапад 2024

Дэпутатам аблсавета загадана кантраляваць грамадска-палітычныя настроі жыхароў Віцебшчыны

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У абласным цэнтры прайшла сустрэча Старшыні Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Ігара Сергяенкі з кіраўніцтвам Віцебскага аблвыканкама. Ен гаварыў пра неабходнасць больш эфектыўнага выкарыстання патэнцыялу дэпутацкага корпуса, у тым ліку з мэтай і павышэння аўтарытэту ўладаў сярод выбаршчыкаў.

Паводле Ігара Сергяенкі, дэпутаты павінны ўважліва вывучаць грамадска-палітычную сітуацыю на месцах і зрабіць рэгулярнай практыкай інфармаванне Аляксандра Лукашэнкі і беларускага ўрада пра абстаноўку ў рэгіёне. Такую задачу паставіў перад усімі дзяржаўнымі органамі цяперашні кіраўнік дзяржавы.

Гэтаксама дэпутаты абавязаны тлумачыць насельніцтву дзяржаўную палітыку, што ў асобных выпадках садзейнічае прадухіленню ўзнікнення сацыяльнай напружанасці ў грамадстве, піша сайт абласной газеты «Витебские вести». Гэта значыць, што дэпутаты павінны займацца агітацыйна-прапагандысцкай дзейнасцю. Праводзіць сустрэчы ў розных калектывах, найперш праблемных, а таксама па месцы жыхарства выбаршчыкаў.

Па словах Старшыні Палаты прадстаўнікоў, у гэтую дзейнасць павінны быць уцягнутыя і памочнікі дэпутатаў на месцах. Яны павінны займацца «вывучэннем настрояў людзей, іх стаўлення да рашэнняў, што прымаюцца ў дзяржаве».

Асобны абавязак дэпутатаў – аператыўна рэагаваць на скаргі і звароты грамадзян. Гэтую працу, асабліва калі яна мае станоўчы вынік, Ігар Сергяенка ўсклаў на рэгіянальныя сродкі масавай інфармацыі - каб яны больш шырока асвятлялі дзейнасць дэпутатаў у выбарчых акругах.

Але асвятляць, як мы ведаем, магчыма толькі тое, што ёсць. А калі людзі не ведаюць сваіх дэпутатаў і нават не галасавалі за іх, то выканаць даручэнні, дадзеныя на сходзе, прадстаўнікам саветаў розных узроўняў будзе нялёгка.

Пётр Нікіфараў