«В ходе подготовительных работ к текущему ремонту актового зала ГУО «Средняя школа № 10 г. Витебска имени А.К.Горовца» установлена необходимость дополнительного обследования стропильной системы и перекрытий здания. На время обследования учебный процесс будет организован в близлежащих учреждениях образования», -- паведаміў вечарам 10 лістапада Тэлеграм-канал Віцебскага гарвыканкама.
У жыхароў Віцебска ёсць вялікія падазрэнні, што менавіта праз праблемы з бяспекай вучняў віцебскай гімназіі №1, пра закрыццё паводле «аварыйных паказанняў» стала вядома ў першых ліках кастрычніка, не размеркавалі на часовае навучанне ў суседнюю 10-ю школу. Вучні гімназіі №1 цяпер вучацца хто ў будынку ветэрынарнай акадэміі, хто ў будынку сярэдняй школы №28. Куды накіравалі працягваць навучанне вучняў СШ№10, не паведамляецца.
Будынак гэтай школы быў узведзены ў 1937 годзе – у тым жа, што і будынак гімназіі №1, дзе былі заўважана небяспечныя шчыліны ў сцяне. Гэта былі так званыя «сталінскія школы», якія ў 1936-37 гадах будаваліся масава.
У канцы кастрычніка гарадская газета «Віцьбічы» пісала, што аварыйны корпус гімназіі даследуюць навукоўцы з ПДУ. Яны мусяць вырашыць, ці падлягае будынак рамонту і ці бяспечна яго выкарыстоўваць, але высновы адмыслоўцаў пакуль не агучваюцца. Што да будынка СШ№10, то яго таксама чакае агляд спецыялістаў.
Андрэй Пірагоў