Цяжка не заўважыць, што апошнім часам дзяржСМІ Віцебскай вобласці шмат увагі надаюць тэме змагання са смеццем. Пра захады, што да захавання чысціні, так шмат пішуць нездарма: да 15 лістапада на Віцебшчыне працягваецца месячнік барацьбы са стыхійнымі звалкамі. Пасля гэтай даты ажыятаж вакол гэтай тэмы чакана спадзе. А пакуль у розных рэгіёнах мясцовыя газеты пішуць пра статыстыку звалак і пра сродкі барацьбы з імі.
Каб вызначыць, хто пакідае смецце ў неналежных месцах, працаўнікі ЖКХ у Лёзненскім раёне прымяняюць відэаназіранне. У Шаркоўшчынскім раёне гатовы пайсці яшчэ далей: прапануюць вызначаць былых гаспадароў выкінутых рэчаў па пакінутых імі «слядах» - квітанцыях, квітках, працоўных запісах...
Начальнік Пастаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае на дапамогу «пільных грамадзянаў» - каб адсочвалі і фіксавалі парушальнікаў. Прычым самым вінаватымі ён лічыць дачнікаў, якія «давозяць смецце да прыпыначных пунктаў і прама там выкідваюць». А мусілі б «з'яжджаючы са сваёй дачы, адвезці па шляху пакет са смеццем у спецыяльна прызначаны для гэтага кантэйнер». І выказвае амаль незаўважную прапанову: «можа, камунальнікам варта абсталяваць кантэйнерныя пляцоўкі» паблізу вёсак і дачных пасёлкаў. Аказваецца, такога няма. А кіраўнік Пастаўскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя цалкам мог бы выступіць з такой ініцыятывай перад раённымі ўладамі.
Ларыса Сайкоўская