Серада, 06 Лістапад 2024

Зіма блізка, а на Віцебскім камунальным прадпрыемстве «Гордормост» не хапае мінімум 100 працаўнікоў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Пра гэта гаварылі на адмысловым семінары, дзе абмяркоўвалася тэма ўборкі снега гэтай зімой. Семінар праводзіў старшыня Віцебскага гарвыканкама Аляксей Героеў. Адказ трымала прадпрыемства «Гордормост», якое мусіць забяспечваць утрыманне віцебскаіх вуліц у належным тэхнічным стане.

згодна са словамі  кіраўніка прадпрыемства Мікалая Жыгунова, «Гордормост» мае дастаткова тэхнікі, каб ліквідаваць перспектыўныя наступствы зімовых снегападаў. Ужо падрыхтаваны 10 тысяч тон пескасаляной сумесі і 2,5 тысячы тон солі. Яшчэ 10 тысяч тон сумесі будуць гатовы ў бліжэйшы час. Вызначаны і месцы, куды адправіцца пасля ўборкі снег. Пасля ўзгаднення з прыродаахоўнай інспекцыяй зацверджана сем такіх «ледзяных могілак». Змяненні закрануць і арганізацыю часу ўборкі, сцвярджае Мікалай Жыгуноў. Цяпер перазменка будзе праводзіцца так, каб да таго моманту, як гараджане масава адправяцца на працу, горад ужо быў пачышчаны.

Але ў прадпрыемства хапае і праблем. Самая вострая - кадравы голад. Пры тым, што сёння ў сістэме прадпрыемства працуюць амаль 350 чалавек, для больш эфектыўнай дзейнасці патрэбны яшчэ мінімум сто пар працоўных рук. Ахвотных уладкавацца на працу асабліва няма.

Паводле абвестак пра вакансіі, «Гордормост» возьме на працу слесараў па рамонце тэхнікі (аклад 700-800 рублёў), трактарыстаў, але выключна з досведам працы ад 2 гадоў (аклад 1 100- 1200 рублёў), а таксама кіроўцаў з катэгорыямі «В», «С», «СЕ» і дарожных рабочых. Апошнім абяцаюць плаціць 1 200 – 1 400 рублёў, але досвед ад двух гадоў таксама абавязковы.

Старшыня гарвыканкама загадаў кіраўніцтву прадпрыемства «не сядзець на месцы», а шукаць кваліфікаваныя кадры або самім іх падрыхтаваць. Аляксей Героеў заўважыў, што цяперашні стан прыборкі горада яго не задавальняе, хаця зіма са снегападамі яшчэ не пачыналася.

Міхаіл Рыжкоў