Са спасылкай на начальніка Шумілінскага РАУС Леаніда Навіцкага, раённая газета паведамляе, што мясцовымі міліцыянтамі «сёлета выяўлена 9 выпадкаў экстрэмізму, у тым ліку 8 з іх – за распаўсюджванне незаконных матэрыялаў. Некаторыя жыхары раёна ставілі лайкі пад незаконнымі матэрыяламі ў сацыяльных сетках “аднакласнікі”, “Укантакце” (арфаграфія арыгінала захаваная) .
Сярод парушальнікаў – шасцёра грамадзян працаздольнага ўзросту, двое маюць групу інваліднасці, адзін – пенсіянер. За экстрэмісцкія дзеянні ў адносінах да шасці шумілінцаў прыменены арышт (дваім – на 5 сутак, траім – на 7, аднаму – на 15). Астатнія заплацілі штраф па 600 рублёў, у іх канфіскавалі мабільныя тэлефоны як сродак здзяйснення правапарушэння. Называць «экстрэмісцкімі дзеяннямі» рэпосты інфармацыі або падпіскі ці рэакцыі на іх – таксама «вынаходніцтва» шумілінскай «раёнкі».
Далей у артыкуле «За лайкі і рэпосты трэба адказваць!» чытачам прапанаваны «вінегрэт» з непісьменных трактовак заканадаўства. Выглядае, што ці начальнік Шумілінскага РАУС не ведае артыкулаў Кодэкса аб адміністратыўных правапарушэннях, ці аўтарка артыкула Ларыса Кісялёва, як кажуць, «не ў тэме».
Калі артыкул прысвечаны «лайкам» і «рэпостам», то наступны прыклад выглядае недарэчным: «Жыхар раёна, арыштаваны на 15 сутак, меў у інстаграм адкрытую старонку, дзе размяшчаў фотаздымкі бел-чырвона-белага сцяга, кубкаў з яго выявай, герба “Пагоня”, што забаронена законам». Ні сцяг, ні герб Пагоня не з'яўляюццца «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Калі іх выявы не нанесены на вельмі абмежаваны спіс прадметаў. У гэтым лёгка пераканацца, адкрыўшы, па рэкамендыцыі выдання, той самы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў на сайце Міністэрства інфармацыі.
Размяшчэнне такіх выяваў у Інтэрнэце можа кваліфікавацца хіба што як «несанкцыянаванае пікетаванне» - парушэнне парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў -- паводле арт. 24.23 КаАП.
«Экстрэмісцкія матэрыялы – гэта незаконныя сімволіка і атрыбутыка», сцвярджае аўтарка артыкула, заблытваючы чытачоў раённай газеты. Кіраўніку Шумілінскага РАУС, якога цытуюць у гэтым артыкуле, няблага было б выправіць памылкі ў тэксце, дзе згадана ягонае прозвішча. А яшчэ лепей – правесці «прававы лікбез» з «байцамі ідэалагічнага фронту», якімі лічаць сябе мясцовыя журналісты.
Марына Осіпава