Серада, 11 Верасень 2024

У Оршы ідзе грамадскае абмеркаванне ўстаноўкі флагштока, пляцоўку пад які ўжо рыхтуюць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Грамадскае абмеркаванне абвясцілі ўжо пасля таго, як у Парку герояў пачалі знішчаць дрэвы пад новы гарадскі аб'ект. Як і варта было чакаць, адным флагштокам гарадскія ўлады вырашылі не абмяжоўвацца. Як і ў Віцебску, тут хочуць абсталяваць асобную плошчу «для ўрачыстых цырымоній і экскурсій турыстаў». У матэрыялах, прадстаўленых для абмеркавання, гаворыцца, што мэта яе стварэння «заключается в повышении патриотического воспитания у населения г. Орши и увеличении значимости государственных символов путем возведения флагштока на территории Парка Героев».

Паводле матэрыялаў, размешчаных на сайце Аршанскага райвыканкама, флагшток для дзяржаўнага сцяга будзе мець вышыню 58 метраў, яго ўсталююць на двухметровым пастаменце з паліраванага граніта васьміграннай формы На адным з бакоў пастамента будзе размешчаны макет дзяржаўнага герба РБ. Таксама на пляцоўцы плошчай 45х60м (без уліку дарожак па перыметры) ўсталююць памятны знак «у стылізаванай форме дзяржаўнага сцяга» з размешчанымі на ім словамі дзяржаўнага гімна. Запланавана таксама ўсталяванне лавачак, «малых архітэктурных форм» і падсветкі. А яшчэ абяцаюць высадку новых дрэваў і іншых дэкаратыўных раслін.

Дзеля новай плошчы ў парку ўжо знішчылі некалькі вялікіх дрэваў: верагодна, што спілаваныя ліпы былі равесніцамі самога парка, які закладалі вакол Кургана Славы з «вечным агнём» у 1966 годзе.

Выдаткі на плошчу з флагштокам і ўсім астатнім складуць 5,7 мільёнаў рублёў. І гэта пры тым, што дэфіцыт бюджэту Оршы -- 18 мільёнаў рублёў.

«Новая площадь государственных символов станет олицетворением единства и патриотизма жителей Оршанского региона и еще одним местом притяжения и отдыха. Площадь с установкой флагштока с гербом и флагом будет отражать то, что Беларусь состоялась как государство и уверенно смотрит в будущее», -- піша «Аршанская газета».

Нагадаем, што падобная гісторыя ўжо была ў Віцебску. Спачатку гараджан спавясцілі, што ў горадзе жыццёва неабходны флагшток «дзеля выхаванню патрыятызму». А потым высветлілася, што апрача канструкцыі для вывешвання дзяржаўнага сцяга гарадскія ўлады вырашылі стварыць цэлую плошчу. Заўвагі і прапановы гараджан, выказаныя падчас грамадскага абмеркавання, віцебскія ўлады палічылі неістотнымі і зрабілі ўсё так, як спланавалі без «народнага ўдзелу».

Вадзім Пярцоў