У першых ліках верасня прайшло пасяджэнне назіральнай камісіі, створанай пры Наваполацкім гарвыканкаме. У склад камісіі ўваходзяць прадстаўнікі рэгіянальных уладаў, упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, камісіі па справах непоўнагадовых, аддзела па адукацыі і сродкаў масавай інфармацыі.
На апошняе пасяджэнне запрасілі таксама прадстаўнікоў кадравых службаў прадпрыемстваў, якім патрэбны працаўнікі. Бо, паводле звестак Наваполацкага ГАУС, у горадзе расце ўзровень рэцыдыўнай злачыннасці, і гэта міліцыянты наўпрост звязваюць з тым, што сярод асобаў, якія нядаўна вызваліліся з месцаў пазбаўлення волі, надта шмат беспрацоўных. Паводле логікі крымінальна-выканаўчай інспекцыі, уладкаванне на працу для іх зменшыць рызыкі здзяйснення новых злачынстваў.
На пасяджэнне камісіі выклікалі 19 асобаў, якія стаяць на ўліку ў інспекцыі і не працуюць. Камісіі давялося канстатаваць, што некаторыя з іх свядома ўхіляюцца ад працы або іх не задавальняюць варыянты працаўладкавання на нізкі заробак або з неадпаведнай кваліфікацыяй.
Пасяджэнне назіральнай камісіі, створанай пры Чашніцкім райвыканкаме, у пачатку верасня прайшло і ў Чашніках. Мясцовая дзяржаўная газета «Чырвоны прамень» апублікавала рэпартаж з гэтай імпрэзы. «Раёнка» не паведамляе, колькі чалавек было выклікана на пасяджэнне камісіі. Але прыводзіць два выпадкі, калі людзі не пагадзіліся на прапанаваную ім працу, бо шукаюць іншай, больш «грашовай», або ўжо маюць такую.
Інфармацыі пра тое, колькі людзей усё-ткі ўдалося працаўладкаваць, у газетным матэрыяле няма. Выкладаецца толькі пазіцыя мясцовых уладаў: «Основная цель – разобрать причины, почему люди не работают, выслушать их и помочь в трудоустройстве. У человека, который занят делом, остается меньше времени на распитие спиртных напитков и совершение противоправных действий».
Фармальнасць падыходу да праблемы працаўладкавання асобаў, што стяць на ўліку ў крымінальна-выканаўчай інспекцыі, вынікае з артыкула пра пасяджэнне назіральнай камісіі ў газеце «Наша Талачыншчына». У ім пералічаны прадстаўнікі камісіі і прадпрыемстваў, гатовых прыняць людзей на працу, агучаны парадак дня імпрэзы. І без аніякай канкрэтыкі заяўлена, што «подучетные граждане прямо на месте получили направления для трудоустройства в представленные организации».
У адкрытым пераліку вакансій можна паглядзець, якую працу прапануюць згаданыя прыдпрыемствы Талачыншчыны тым людзям, якія не маюць спецыяльнай адукацыі і кваліфікацыі. Прыкладам, у «Коханово ЖКХ» гатовы прыняць маляра (аклад 700 рублёў), дворніка і дарожнага рабочага (аклад 626 рублёў). Згаданыя ў артыкуле ААТ «Звездный-Агро» і УП «Толочинский Элеватор-Агро» увогуле не выклалі ніводнай прапановы ў адкрытых крыніцах. Таму якія вакансіі там існуюць, ведаюць хіба ў назіральнай камісіі.
Варта прагадаць і тую важную акалічнасць, што прадпрыемствы і ўстановы вельмі часта адмаўляюць у працаўладкаванні асобам, якія маюць або мелі судзімасць. Таму знайсці годную працу ім сапраўды нялёгка. Але і пагаджацца на «затырканне дзюрак» - працаваць там, дзе няма нармальных заробкаў і ўмоваў працы – яны таксама не хочуць.
Сяргей Чмыгаў