Ідэю пра неабходнасць мець у горадзе флагшток для дзяржаўнага сцяга Віцебскі гарвыканкам агучыў у снежні мінулага года. Спярша яна палягала ў тым, каб усталяваць канструкцыю ў гістарычным цэнтры горада, на Плошчы тысячагоддзя. У шмат каго з жыхароў такі падыход выклікаў рэзкае непрыманне. Сёлета для флагштока абралі іншае месца – Парк тысячагоддзя Віцебска каля Лядовага палаца.
З праектных матэрыялаў, прадстаўленых на грамадскае абмеркаванне, вынікае, што распрацаваны даволі маштабны і далёка не танны праект, які ўключае не толькі флагшток. На ўчастку 0,57 га плануецца размясціць гранітную кампазіцыю з надпісам «Плошча флага і герба» і выявай самога герба РБ, два светладыёдныя экраны і інтэрактыўную панэль, а таксама пераносныя кветнікі, лаўкі з, сістэмы асвятлення і відэаназірання. Участак прапануюць забрукаваць гранітнай пліткай.
Дарэчы, дзеля увасаблення гэтай ідэі спатрэбіцца знішчыць вялікую частку зялёнага газона. За гэта прапануюцца кампенсацыйныя пасадкі ў іншых месцах горада і кампенсацыйныя выплаты.
Уласна флагшток, паводле аўтараў праекта, будзе ўяўляць сабой канструкцыю з подыюма вышынёй 2,3 метры, абліцаванага гранітам, і ўласна стальнога канічнага прыстасавання для замацавання дзяржаўнага сцяга маперам 7 на 14 метраў.
Функцыянальнае прызначэнне новай плошчы жыхарам Віцебску не тлумачаць, але аргументацыя наступная: узняты на флагштоку сцяг «станет символом признания в любви и преданности Беларуси, гордости за свою страну, будет скреплять национальное согласие и патриотический дух белорусского народа». Колькі будзе каштаваць увасабленне гэтай ідэі, не паведамляецца.
Паводле матэрыялаў, прадстаўленых на грамадскае абмеркаванне, тэрыторыя новай плошчы чымсьці нагадвае цяперашнюю мадэрнізаваную Плошчу Перамогі – адкрытае «лысае» месца, дзе ўлетку няма дзе схавацца ад сонца. А таму практычна бязлюднае за выключэннем тых дзён, калі там праводзяцца афіцыйныя імпрэзы.
Валянцін Конкін