Вёска ў беларускай глыбінцы. Мірны поўдзень буднага дня. Зяць зь цешчай пад'ехалі да свайго пад'езду. Зяць выгружае з багажніку мех з бульбай. А цешча ідзе дадому. І тут раптам – бах! – У 50 мэтрах ад іх дому падае снарад. Выбух. У доме бразгочуць вокны, мех з бульбай падае, мужчыну адкідвае ўбок. У цешчы зьвініць у вушох, яе першая думка: «Гэта што, вайна?!». Празь пяць хвілін сваякі бачаць, як да месца здарэньня з усіх бакоў зьбягаюцца вайскоўцы – некаторыя аж на ляту пераскокваюць праз плот.
Боепрыпас, паводле словаў заслонаўцаў, выбухнуў ў самым цэнтры былога ваеннага гарадка, дзе дыслякуюцца танкісты і сапёры. Адбылося гэта нібыта падчас вучэньняў.
«Прызвычаіліся да страляніны. Але тут бабахнула сур'ёзна!»
Відавочцы сьцьвярджаюць, што снарад упаў у яр у жылым раёне, побач з мастком цераз ручай. Мясцовыя чамусьці называюць яго «балотцам» або «азярцом». У 50 мэтрах адсюль – казармы вайсковай часткі. На такой жа адлегласьці, калі ня менш, – жылы дом № 634. У 100-150 мэтрах ад месца падзеньня – школа.
– Гэта было прыкладна а 12:45-12:50. Чую: выбух. Вельмі выразны, – кажа жыхарка першага пад'езду дому № 634 Натальля.
Паводле яе словаў, яна бачыла ў акно, як сусед даставаў мех з бульбай з багажніку, а потым кінуў яго, а сам адляцеў убок.
– Сусед мяркуе, што гэта была выбухная хваля. Іншы жыхар нашага пад'езду кажа, што ў іх аж тэлевізар падскочыў, – працягвае Натальля. – Відавочцы расказвалі, што снарад ляцеў праз санчастку, казармы. І тут вось, у балотца, упаў. Адразу людзі казалі, што гэта быў звычайны снарад. Цяпер ужо па Заслонаве ходзіць чутка, што – супрацьтанкавая ракета. Што нібыта такія нельга было выпрабоўваць на нашым палігоне.
Заслонаўцы прызнаюць: калі б у краіне, крый Божа, пачалася вайна, яны б і не зразумелі, сапраўдная яна ці не.
– У нас пастаянна на палігоне страляюць. Асабліва калі прыяжджаюць артылерысты. Палігон знаходзіцца ў Заслонаве, прыкладна за кілямэтар ад нашага дому. І ў нас вечна ўздрыгваюць шыбы. Мы прызвычаіліся. Але тут бабахнула сур'ёзна! – успамінае Натальля. – Мая маленькая дачка вельмі спалохалася. Таму адразу людзі і не зразумелі, што адбылося. Але праз гадзіну-дзьве ўжо гуло ўсё Заслонава. Шчыра кажучы, страшна! Уявіце, каля вашага дома нешта выбухае. У нас жа маленькія дзеці ў доме жывуць. Дый на дварэ мамы з вазкамі гулялі. Акурат увечары ў той самы дзень па тэлевізары паказвалі сюжэт пра выбух у Яраслаўлі. Там выбухнуў газ, пад'езду дому няма. Калі бабахнула, шмат хто падумаў, што і ў нас адбыўся выбух газу. А калі б гэты снарад трапіў у наш дом? Вось у гэты кут, дзе наш пад'езд?
«Нас абараніла канава»
Яшчэ адна жыхарка гэтага пад'езду – Марыя, тая самая, зяця якой адкінула выбуховай хваляй, – спрачаецца з суседкай:
– Наташа, ды ён мог бы ляцець і ў кут, і за кут, і куды заўгодна. Побач школа, непадалёк – дзіцячы садок. Страшна падумаць, што магло б быць! Нам проста вельмі пашанцавала, што ён упаў у канаву. Гэтая канава нас і абараніла. І хваля таму не такая магутная была. Але калі б вы бачылі, як шухнул сьнег з гаўбцоў!
Калі адбыўся выбух, Марыя ішла ад машыны да свайго пад'езду.
– Бухнуў! Вельмі гучна. І дым! Ён быў ня чорны, а гэтакі сіні. Пытаюся ў Юркі, зяця: «А што гэта?». Ён: «Снарад ўпаў». Я падымаюся на наш пяты паверх і тэлефаную Галцы, іншым знаёмым. Празь пяць хвілін гляджу ў акно: а ў канаве і каля яе ўжо вайскоўцы, некаторыя праз плот часткі пераскоквалі і беглі сюды. Машыны сталі пад'яжджаць, уазікі... Праз 15 хвілін тут ужо было шмат вайскоўцаў. Я выйшла, пачала крычаць на іх: «Як гэта так? Бо гэта ваша дабро магло ў дом патрапіць!». А яны мне: «Гэта ня мы вінаватыя». А адзін стаіць і ўсьміхаецца. Я яму: «Я б паглядзела, як бы ты заўсьміхаўся, калі б гэты снарад трапіў у тваю сям'ю, у тваіх бацькоў».
Паводле словаў жанчын, яр паміж жаўнернямі і іх домам – месца люднае і папулярнае ў мясцовага насельніцтва: «Тут пастаянна гуляюць дзеці. На шчасьце, у той момант яны былі ў школе. На гэтым мосьціку жанчыны летам мыюць дываны. А вось там, дзе бярвёны, мужычкі любяць «кульнуць».
Празь дзень-два пасьля здарэньня, паводле словаў жыхароў дому, да іх прыходзілі «адказныя асобы»: «Ці то з пракуратуры, ці то сьледчыя. Пыталіся, што адбылося, пад запіс».
Прэс-сакратар Міністэрства абароны Беларусі Ўладзімір Макараў, у сваю чаргу, паведаміў:
– Супрацьтанкавы снарад упаў на ўскраіне Заслонаўскага палігону. І гэта паводле азначэньня не магло стварыць ніякай пагрозы. Ніхто не пацярпеў, ніякіх разбурэньняў няма.
У Заслонаве дысьлякуюцца 19-я асобная гвардзейская Мікалаеўска-Будапешцкая Чырванасьцяжная ордэна Суворава 2-й ступені мэханізаваная брыгада і 52-ы асобны спэцыялізаваны пошукавы батальён.
Першая воінская частка сфармаваная ў 1941 годзе – як стралковая дывізія. Яе ваяры прайшлі ўсю вайну, удзельнічалі ў бітвах за Маскву, Ленінград, Сталінград, вызвалялі Чэхаславаччыну і Вугоршчыну. Да 1990 году дывізія базавалася ў Вугоршчыне, пазьней больш за 300 танкаў і сотні іншых баявых машын перакінулі ў Заслонава. Вырас ваенны гарадок. За савецкім часам служыць тут лічылася прэстыжным. Але ў 1993 годзе танкавая дывізія скарацілася да мэханізаванай брыгады. У 2009 годзе ваенны гарадок залічылі да сельскіх населеных пунктаў. Прасьцей кажучы, ён стаў вёскай. Акрамя дзіцячага садка і школы, у Заслонаве ёсьць крамы, пошта, банк.
https://viciebskspring.org/news/roznae/item/68-tut-pastayanna-gulyayuts-dzetsi-pobach-z-damami-i-shkolaj-vjostsy-pad-lepelem-upa-i-vybukhnu-snarad#sigProIda7493065ce
Тацьцяна Мацьвеева / фота: Ігар Мацьвееў, tut.by