Балгарын паводле нацыянальнасці, ён самастойна авалодаў беларускай мовай. І яна гучала з ягоных вуснаў крыху экзатычна, але вельмі пераканаўча. Шмат разоў ён браў удзел у выбарах рознага ўзроўню - і як кандыдат, і ў якасці даверанай асобы сваіх аднадумцаў. Цвярозы розум не трываў ілюзій адносна вынікаў, але Хрыстафор Жаляпаў імкнуўся скарыстаць кожную, хаця б і невялікую, магчымасць сустрэцца з людзьмі, паразмаўляць з імі пра набалелае. І што самае галоўнае – натхніць на нейкія здзяйсненні. Хаця б невялікія, але вартыя таго, каб паверыць ва ўласныя сілы.
Вельмі працяглы час спадар Жаляпаў быў сябрам Партыі БНФ, удзельнікам руху «За Свабоду», браў актыўны ўдзел ва ўшанаванні памяці Васіля Быкава ды іншых важкіх справах. Хрыстафора ведала, напэўна, уся дэмакратычная Беларусь. Для многіх ён быў узорам адданасці той ідэі, якой прысвяціў сваё жыццё. Вядома, ягоная актыўнасць не магла быць незаўважанай «супрацьлеглым бокам»: актывіста шмат разоў затрымлівалі, судзілі, штрафавалі, давалі «суткі»...
Праз 4 дні Хрыстафору Жаляпаву магло б споўніцца 74 гады. Ен не дажыў да гэтай даты, і, на жаль, да свабоднай Беларусі, у якую так верыў. Але гэтай верай ён шчодра надзяляў усіх, хто быў побач. Тых, для каго ён цяпер застанецца незабыўным.
Светлая памяць!