Субота, 27 Май 2023

Памёр віцебскі краязнаўца, даследчык камуністычных рэпрэсій Уладзімір Іваноў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У апошнія гады ён сам-насам змагаўся з цяжкай хваробай: склалася так, што блізкіх сваякоў у Віцебску ў яго не засталося. Таму звесткі пра тое, што Уладзіміра Іванова больш няма з намі, да грамадскасці гораду дайшлі не адразу. Па сабе ён пакінуў добрую памяць і некалькі грунтоўных даследаванняў, у тым ліку пра камуністычныя рэпрэсіі на Віцебшчыне ў перыяд з 1918 па 1950-я гады.

Уладзімір Іваноў шмат гадоў адпрацаваў у органах МУС і на мытні, быў ліквідатарам наступстваў апарыі на ЧАЭС. Калі выйшаў на пенсію, увесь свой вольны час прысвячаў вывучэнню гісторыі роднага краю – хадзіў у вандроўкі, шмат працаваў у архівах, збіраў цікавыя артэфакты, разам з сябрам Пятром Марозавым стварыў на могілках у вёсцы Шэвіна унікальную экспазіцыю пад адкрытым небым, прысвечаную старажытным пахавальным абрадаў крывічоў.

Адной з тэмаў, якія цікавілі даследчыка, былі рэпрэсіі савецкага часу ў дачыненні да жыхароў віцебскага рэгіёну. Некалькі ягоных даследаванняў былі выдадзены, дзякуючы сяброўскай дапамозе аднадумцаў, асобныя «кніжкі» ён друкаваў за ўласны кошт і прапаноўваў пачытаць усім ахвотным. Уладзімір Іваноў быў удзельнікам грамадскай ініцыятывы «Хайсы- віцебскія Курапаты», шмат зрабіў для ўшанавання памяці ахвяраў сталінскага тэрору пад Віцебскам.

Сябры глыбока смуткуюць з нагоды смерці Уладзіміра Іванова, які пайшоў у лепшы свет на 75-м годзе жыцця.

Таццяна Віктарава