Нядзеля, 01 Сакавік 2020

Мікалай Казлоў у Віцебску: Нас мусіць аб’яднаць ідэя пераменаў у краіне…

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Выступае Мікалай Казлоў Выступае Мікалай Казлоў

Старшыня АГП Мікалай Казлоў 28 лютага правёў сустрэчу з грамадзкасьцю Віцебску. Сустрэча прайшла напярэдадні заплянаванай працэдуры праймэрыз, якая мусіць вызначыць асобу адзінага кандыдата ад дэмакратычных сіл на сёлетніх прэзыдэнцкіх выбарах. У Віцебску народнае галасаваньне мусіць адбыцца 7 сакавіка.

«Выбары – адзіная магчымасьць зьмяніць уладу мірным шляхам»

Разам са старшынём АГП Мікалаем Казловым на сустрэчу прыехаў сябра палітрады Леў Марголін. Ва ўступным слове ён з цеплынёй выказаўся на адрас Казлова, ахарактарызаваў яго як прынцыповага і адказнага чалавека і палітыка. Нагадаў, што Мікалай Казлоў – былы вайсковец, які 17 гадоў адпрацаваў сьледчым МУС у Менску. Але на выбарах 2008 году схапіў за руку старшыню ўчастковай камісіі, якая зьбіралася зрабіць укід бюлетэняў. Справу з укідам замялі, але на знак партэсту Казлоў сышоў з працы ў органах МУС.

«Можна па-рознаму ставіцца да выбараў, але на сёньняшні дзень – гэта адзіная магчымасьць мірным шляхам зьмяніць уладу. Калі мы здолеем актывізаваць сто тысяч грамазян, якія запішуцца ў ініцыятыўную групу адзінага кандыдата і прынясуць па 20 подпісаў, то ніякая Ярмошына ня скажа, што за апазыцыю прагаласавала 4 адсоткі выбарцаў», – пераконваў Марголін.

Падчас сустрэчы ў Віцебску

Як ён патлумачыў, стратэгія вельмі простая: калі чалавек выбірае сам, у яго больш стымулаў абараняць свой выбар.

«Ваша мэта – удзел у выбарах, якіх няма?..»

Мікалай Казлоў патлумачыў, якім чынам 5 палітычных апазыцыйных партый і рухаў мяркуюць правесьці народнае галасаваньне (праймэрыз) і вызначыць адзінага кандыдата на выбары ад створанай кааліцыі. Згодна з падпісанай дамовай, пасьля вызначэньня адзінага ствараецца каманда з прадстаўнікоў усіх палітычных сілаў, якія разам будуць праводзіць якасную, поўнамаштабную выбарчую кампанію.

Казлоў зьвярнуў увагу, што сама працэдура праймэрыз ёсьць важным момантам кансалідацыі грамадзтва. Аддаючы свой голас за адзінага, грамадзянін бярэ на сябе пэўныя абавязкі на пэрыяд выбарчай кампаніі.

Мікалай Казлоў

У выпадаку нерэгістрацыі адзінага кандыдата прадугледжаны зварот да выбарнікаў, актыўны байкот, вулічныя акцыі. Праўда, як мяркуе Казлоў, калі дзякуючы актыўнасьці грамадзтва подпісаў будзе сабрана значна больш неабходнай колькасьці, улада не асьмеліцца адмовіць адзінаму кандыдату ў рэгістрацыі.

«Калі я дакладна зразумеў, то ваша мэта – удзел у выбарах, якіх няма?» – задаў пытаньне былы сябра АГП зь Віцебску Генадзь Муратаў.

Генадзь Муратаў

«Не, вы зразумелі ня так. Я прапаную вам і вашым знаёмым удзельнічаць разам з намі на ўсіх этапах выбараў. І калі да нашай каманды далучыцца тысяч 150 вашых выбарнікаў, мы пераможам, і ніякая Ярмошына ня здолее нам перашкодзіць!» – адказаў Мікалай Казлоў.

«Падтрымка Лукашэнкі блізкая да нулю…»

Мікалай Казлоў назваў сёньняшнюю палітычную сытуацыю складанай, блізкай да «пункту незвароту». На ягоную думку, калі грамадзтва ня здолее мабілізавацца і абраць новага прэзыдэнта, краіна праваліцца ці то ў склад Расеі, ці ў эканамічны каляпс.

«У адрозьненьні ад папярэдніх выбараў, падтрымка Лукашэнкі блізкая да нулю. Прынамсі, ў мяне складваецца такое ўражаньне. Я хадзіў па кватэрах, зьбіраў подпісы, размаўляў зь людзьмі. Раней маса пэнсіянэраў яго падтрымлівала і казала: «Калі ня бацька, то хто?» Цяпер рыторыка зьмянілася, і яны кажуць словы, якія няёмка паўтараць. Людзі стаміліся ад гэтай улады», – сьцьвярджае Мікалай Казлоў.

«Навошта хлопцу са Шклова столькі рэзыдэнцый?»

На сустрэчы патэнцыйны кандыдат у прэзыдэнты зьвярнуў увагу і на празьмерныя апэтыты сям’і Лукашэнкаў, якая згубіла пачуцьцё ўсялякай меры.

«Два самалёты, 19 рэзыдэнцый, няхай нават 10. Навошта хлопцу са Шклова столькі рэзыдэнцый? Патлумачце мне. Чалавек жыў сярод жывёлаў, сярод расьлінаў, і ў яго ўсё было добра, у яго было шчасьлівае дзяцінства на прыродзе. Два самалёты, 10 рэзыдэнцый, верталёты, парк машын, ахоўвае дывізія. Навошта? Нармальнаму чалавеку столькі ня трэба», – лічыць Казлоў.

«Зрабі ўсё, што магчыма – і хай будзе, што будзе»

Зьнешнія і ўнутраныя абставіны ўжо прывялі да эканамічнага спаду, які немінуча закране інтарэсы людзей. І, як мяркуе Казлоў, гэтую акалічнасьць трэба ўлічваць, бо крызіс будзе ўзмацняцца. Да таго ж, на ягоную думку, трэба ўлічваць і тую заканамернасьць, што народ пачынае цікавіцца палітыкай толькі падчас прэзыдэнцкіх выбараў:

«Гэта адзіная магчымасьць, якой мы мусім скарыстацца. Мы мусім імкнуца да таго, каб зьмяніць сытуацыю. Калі мы застанемся пасіўнымі і выберым байкот, застаўшыся дома, то трэба рыхтавацца да цяжкіх часоў. У людзей, якія нічога ня робяць, нават права няма скардзіцца. Зрабі, што павінен, і будзь што будзе. Давайце жыць паводле такога прынцыпу».

«Беларускі выбарнік не разумее сваёй моцы»

Мікалай Казлоў зазначыў, што адзінаму кандыдату найперш неабходная грамадзкая падтрымка, падтрымка аднадумцаў, аб’яднаных адной ідэяй.

«Нас мусіць аб’яднаць ідэя пераменаў у краіне. Ідэя, што Лукашэнка мусіць сысьці, што нам патрэбны незалежны суд, незалежная дзяржава… І калі ідэя пераменаў у краіне аб’яднае нашых родных і сяброў – мы пераможам. Беларускі выбарнік не разумее сваёй моцы. Прыгадайце: калі дэкрэт №3 зачапіў за жывое, людзі самі выйшлі на вуліцу. І гэта не апазыцыя выпіхвае людзей на плошчу, гэта робіць улада сваім стаўленьнем да людзей, зь якім немагчыцца мірыцца».

Сустрэчу з Мікалаем Казловам у Віцебску арганізавала старшыня гарадзкой арганізацыяй АГП Ірына Яскевіч.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.