Падчас сустрэчы ў Віцебску Ігар Барысаў расказаў пра гісторыю стварэньня часопіса, пра ягоных аўтараў і рэдакцыйную палітыку. Паводле ацэнкі Барысава, вакол рэдакцыі згуртаваўся аўтарскі касьцяк, які складаюць менскія і рэгіянальныя навукоўцы, палітыкі ды экспэрты. Тэматыка матэрыялаў шырокая: ад праблем парлямэнтарызму да аналізу справаў у сельскай гаспадарцы краіны. Часопіс будзе цікавы як адмыслоўцам, так і простым чытачам, сьцьвярджаў рэдактар.
Але адзначым, што зьмест артыкулаў, прысьвечаных гісторыі, праблемам стасункаў Беларусі і Ўкраіны, дэмаркацыі мяжы паміж нашай краінай і Расейскай Фэдэрацыяй, падаецца неадназначным. А погляды аўтараў на праблему сьмяротнага пакараньня, хатняга гвалту, пэрспэктываў пэнсійнага забесьпячэньня і рэформаў спэцслужбаў Беларусі могуць выклікаць неадназначную рэакцыю ў шырокай аўдыторыі.
Загаловак і аўтарства аднаго з артыкулаў часопісу «Пазыцыя»
Ацэнка працы абласной арганізацыі: нездавальняючая
Прысутных цікавіла ня толькі выдавецкая дзейнасьць БСДП, але і стан рэчаў у самой партыі: цяперашняя дзейнасьць і задачы, якія сацыял-дэмакраты ставяць на бліжэйшую будучыню.
Сябры партыі справядліва адзначылі нездавальняючую працу Віцебскай абласной арганізацыі ў справе далучэньня ў партыйныя шэрагі новых сябраў, слабую прапаганду сацыял-дэмакратычнай ідэалёгіі сярод моладзі.
З гэтай нагоды выказаўся і лідэр партыі. Ён выразна паставіў задачу на арганізацыйнае ўмацаваньне Віцебскай абласной і гарадзкой арганізацый, на нарошчваньне колькасьці сябраў і разумнага плянаваньня дзейнасьці нізавых партыйных структур.
«Праявіце арганізацыйнае адзінства»
Таму што БСДП зьяўляецца апазыцыйнай партыяй, было прызнана немэтазгодна ўдзельнічаць у «круглых» сталах ды іншых публічных мерапрыемствах, якія праводзяцца ў Віцебскай вобласьці з ініцыятывы мясцовых выканаўчых і прадстаўнічых органаў улады.
Як кіраўнік партыі, Барысаў заклікаў сваіх паплечнікаў узяць актыўны ўдзел у нацыянальных кампаніях па вызначэньні адзінага кандыдата ў прэзыдэнты ад 5-ці апазыцыйных партый, у зборы подпісаў за вылучэньне адзінага кандыдата і ў назіраньні за працэсам галасаваньня на будучых выбарах кіраўніка беларускай дзяржавы.
На завяршэньне сустрэчы Ігар Барысаў прасіў віцебскіх сацыял-дэмакратаў ўмацоўваць шэрагі партыі, праявіць арганізацыйнае адзінства і актыўна ўдзельнічаць у палітычным жыцьці рэгіёна.
Лявон Яфрэменка