Пятніца, 06 Сакавік 2020

Нідэрляндзкі дыплямат сустрэўся зь віцебскімі праваабаронцамі

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

4 сакавіка ў межах двухдзённага візыту ў Віцебск Часовы павераны ў справах Каралеўства Нідэрлянды ў Рэспубліцы Беларусь спадар Хэнрыкус Ёханэс ван Оостэрхаўт сустрэўся з праваабаронцамі Паўлам Левінавым і Леанідам Сьвецікам, а таксама з журналісткай і сябрам БАЖ Аленай Сьцяпанавай.

Прысутныя на сустрэчы абмяняліся думкамі аб парушэньнях правоў і абмежаваньні свабод грамадзян, аб наяўнасьці дыялёгу паміж мясцовымі органамі ўлады і праваабаронцамі. У гутарцы былі закранутыя тэмы разьвіцьця грамадзянскай супольнасьці і СМІ ў Віцебскім рэгіёне, будучых прэзыдэнцкіх выбараў, працы судоў і праваахоўнай сыстэмы.

Беларускія актывісты адзначылі, што ў апошнія месяцы назіраўся ўсплёск рэпрэсій з боку дзяржавы ў дачыненьні да блогераў і грамадзянскіх актывістаў.

Было адзначана, што адміністрацыйныя перасьледы і пакараньні штрафамі і арыштамі прадстаўнікоў недзяржаўных СМІ не спрыяе наладжваньню дыялёгу ў грамадзтве, і гэта таксама перашкаджае паразуменьню і згодзе паміж грамадзтвам і дзяржавай.

Асаблівую занепакоенасьць прысутныя выказалі наконт практыкі прымяненьня крымінальнага артыкулу 328 (Незаконны абарот наркатычных сродкаў), наяўнасьці ў Беларусі трох палітвязьняў, немагчымасьці рэалізаваць канстытуцыйнае права на правядзеньне пікетаў, мітынгаў ды іншых публічных мерапрыемстваў.

Праваабаронцы з асьцярожным аптымізмам паведамілі дыплямату аб пачатку дыялёгу з уладамі, пра патэнцыйную магчымасьць ладзіць сумесныя праекты ў галіне прававой асьветы моладзі і студэнтаў.

Праваабаронца Леанід Сьвецік адзначыў, што ўрад Каралеўства Нідэрляндаў праз свае дыпляматычныя структуры заўсёды імкнуўся падтрымаць станаўленьне і разьвіцьцё беларускай грамадзянскай супольнасьці, праваабарончага руху і незалежныя СМІ.

«Урад Нідэрляндаў заўсёды ішоў на адкрыты дыялёг з уладамі ў справе адмены сьмяротнага пакараньня і вызваленьня палітвязьняў у Беларусі», – кажа праваабаронца.

Леанід Сьвецік выказаў надзею на тое, што гэтыя намаганьні дзяржавы Нідэрландаў у рэшце рэшт паспрыяюць пазытыўным пераменам, перадусім – у справе сьцьвярджэньня правоў чалавека ў нашай краіне, дасьць імпульс для разьвіцьця эканомікі і грамадзтва.

На завяршэньне сустрэчы спадар ван Оостэрхаўт падзякаваў актывістам за зьмястоўную размову і пажадаў праваабаронцам і незалежным журналістам посьпехаў у іх прафэсійнай дзейнасьці на карысьць беларускага грамадзтва.

Лявон Яфрэменка

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.