Што стрымлівала супрацоўніцтва Эўразьвязу зь Беларусьсю?
Наяўнасьць палітвязьняў была першай перашкодай, якая не давала разьвіваць якое-небудзь супрацоўніцтва Захаду зь Беларусьсю. І другое – гэта выбары, у спакойным правядзеньні якіх Эўразьвяз быў не зусім упэўнены. Цяпер умовы Захаду беларускія ўлады так ці інакш выканалі.
Хаця сытуацыя з выбарамі, у гэтым выпадку, адыгрывае больш тэхнічную ролю, бо Эўразьвяз ніякага прарыву ад уладаў на сёлетніх выбарах не чакаў. У асноўным яны чакалі рэакцыі ўладаў на тое, што будзе пасьля выбараў: будуць рэпрэсіі ці не.
Як пабачылі эўрапейцы, выбары не былі ані празрыстымі, ані свабоднымі, але яны ўбачылі, што ёсьць пэўная лібэралізацыя выбарчых працэсаў: няма брутальных рэпрэсіў, што дае магчымасьць Эўрасаюзу распачаць праграму новых адносінаў зь беларускімі ўладамі. Цяпер надышоў рамантычны пэрыяд у стасунках з Эўразьвязам.
Што гэта будзе па-сутнасьці?
На сёньняшні час Беларусь ня мае нармальных двухбаковых стасункаў з Эўразьвязам. То бок няма рамак легальных узаемаадносін. Няма фармальнай дамовы, якую ўсе краіны - суседзі Эўразьвязу ўжо маюць. Украіна мае дамову пра асацыяцыю, Малдова і Грузія таксама, а астатнія маюць дамовы пра партнэрства і каапэрацыю.
Першае, што трэба зрабіць – гэта ўзгадніць легальны базыс узаемаадносінаў. Санкцыі пакуль замарожаныя. У гэты час будуць стварацца структуры, адказныя за каапэрацыю з Эўразьвязам. Незалежна ад таго, хто кіруе краінай, нам трэба мець нармальныя юрыдычныя адносіны, бо гэта значна пашырыць магчымасьці для краіны. І для грамадзян, і для беларускага бізнэсу. Будзе мець карысьць і дзяржава, але ў нашых умовах гэта будзе спрыяць далейшай эўрапеізацыі краіны.
Беларусь – гэта краіна, якая ня мае нармальных стасункаў з Эўразьвязам, з-за чаго атрымоўвае ад яго менш за ўсіх грошай. Нягледзячы на тое, што мы трапілі ў так званую палітыку суседзтва, мы атрымоўваем менш сродкаў, чымся Азэрбайджан і Армэнія, якія маюць тыя самыя праблемы, што і наша краіна. Зараз гэтых грошай будзе больш, будуць адкрытыя новыя праграмы ў вышэйшай адукацыі, у культуры, у экалёгіі, у транспамежнай інтэграцыі і гэтак далей. Але для нашай дзяржавы грошы па лініі Ўсходняга партнэрства не зьяўляюцца крытычнымі. Гэта будуць сотні мільёнаў, хаця Беларусі патрэбныя мільярды (прыблізна 3-6 мільярдаў на год). А вось для «шчасьлівага жыцьця» трэба мільярдаў 8-10, хаця гэткае шчасьце ўжо скончылася і не паўторыцца, бо Расея ня мае магчымасьці фінансаваньня сваіх палітычных сатэлітаў.
Па сутнасьці, грошы ад Эўразьвязу – гэта інвэстыцыі, але чыноўніцтва схільнае разьмяркоўваць гэтыя грошы не пад канкрэтныя праекты, а на свой капыл. Напрыклад, ёсьць праграма па «зялёнай эканоміцы», якая стымулюе рознага кшталту інавацыі, але замест гэтага яны могуць на дадзеныя грошы, умоўна кажучы, памяняць шклопакеты ці паставіць энэргазьберагальныя лямпачкі ў школе.
Каб гэтага не было, трэба ствараць пэўную сыстэму кантролю.
Другое, што цікавіць дзяржаву – гэта фінансавы інструмэнт Эўрапейскага зьвязу, то бок Эўрапейскі інвэстыцыйны банк і Эўрапейскі антыкрызысны фонд. Гэта такія структуры, якія могуць інвэставаць у Беларусь ужо не мільёны, а пры пэўных умовах – мільярды. Хутчэй за ўсё, магчымасьці гэтых структураў могуць быць пашыраныя, але, зноў жа, не крытычна. Калі па гэтых лініях ва Ўкраіну можа выдзяляцца 5-10 мільярдаў, то Беларусь максымум можа разьлічваць на паўмільярда, але і гэта ня будуць наўпроставыя бюджэтныя інвэстыцыі, на якія разьлічвае Лукашэнка. Да таго ж для Беларусі будзе пашыраная праграма Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця. Ужо цяпер Беларусь па гэтай лініі штогод атрымоўвае 200 мільёнаў. І гэта досыць буйныя праекты. Напрыклад, дарога Менск-Вільня ў значнай ступені адрамантаваная менавіта за грошы гэтага банку, але дзяржава пра гэта нічога ня кажа.
У працы гэтага банку ёсьць адзін нюанс: ён не дае грошай дзяржаве, а выдае іх выключна недзяржаўным суб'ектам, грошы пералічваюцца непасрэдна ім.
Яшчэ ўлада разьлічвае на дапамогу Міжнароднага валютнага фонду. І ў гэтым пытаньні Эўрапейскі зьвяз можа паўплываць на тое, каб Беларусі далі грошы. Гэта можа быць праграма ў памеры 3-5 мільярдаў, што вельмі істотна для ўлады. Але МВФ вельмі пакрыўджаны на Беларусь за рэалізацыю ранейшай праграмы, калі былі дадзеныя грошы на структурныя рэформы, якія не былі праведзеныя. Аднак пры цяперашніх палітычных абставінах, што складваюцца ў рэгіёне, калі інвэстары лагодна глядзяць на Беларусь, якая імкнецца захоўваць нейкі балянс і пэўны нэўтралітэт, Эўразьвяз будзе спрыяць таму, каб МВФ грошы для Беларусі выдзеліў. Цягам наступнага году альбо будзе выдзелены першы транш, альбо будуць ісьці інтэнсіўныя перамовы.
Трэцяе, што будзе – падтрымка рознага кшталту рэформаў на Беларусі.
Зь Беларусьсю будуць разгорнутыя перамовы наконт уступленьня ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю. Туды ўжо ўвайшлі Казахстан і Расея. Беларусь зацікаўленая ў гэткім уступленьні, але для гэтага Беларусь мусіць выканаць цэлы шэраг умоваў, якія ўлады выконваць ня хочуць. У іх існуе перакананьне, што ў арганізацыю можна ўступіць толькі за кошт палітычнага ўплыву, нічога не мяняючы па-сутнасьці.
Балёнскі працэс
Упершыню ў гісторыі Балёнскага працэсу краіна была прынятая з пэўнымі ўмовамі выкананьня дарожнай мапы рэформаў. І гэта адбылося толькі дзякуючы зробленаму грамадзкім Балёнскім камітэтам і Нацыянальнай пляцформай. Пры гэтым мы выкарысталі ўсе нашыя сувязі і мэханізмы, каб лябіяваць гэты працэс дарожнай мапы для Беларусі. І ўсё гэта навязана беларускім уладам. Цяпер, праўда, іншая праблема: як гэтая мапа будзе выконвацца?
Цяпер мы спрабуем увайсьці ў кантрольную групу, якая створаная для сачэньня за выкананьнем гэтай дарожнай мапы. Уваход у кантрольную групу дазволіць мець наўпроставую інфармацыю пра тое, што адбываецца. Калі не атрымаецца ўвайсьці ў кантрольную групу, тады мы будзем заключаць пагадненьне з Эўрапейскім зьвязам студэнтаў на прадстаўніцтва нашых інтарэсаў там. І тое, што мы ўжо ўдзельнічаем у гэтым працэсе, паказвае, што мы можам уплываць на сутнасна важныя пытаньні разьвіцьця краіны. Да гэтага мы рыхтаваліся гадамі.
Да пералічанага шэрагу трэба яшчэ дадаць экалёгію і энэргетыку.
Калі скончыцца рамантычны пэрыяд?
Гэта тры асноўныя блёкі таго, што будзе адбывацца ва ўзаемадзеяньнях паміж Эўрапейскім зьвязам і Беларусьсю ў найбліжэйшы пэрыяд. Назавём яго «рамантычным пэрыядам» адносінаў Эўрапейскага Зьвязу і беларускіх уладаў. Але, як мы ведаем, гэты пэрыяд хутка скончыцца. І тут эўрапейцы будуць глядзець на парлямэнцкія выбары 2016 году, якія могуць альбо сьведчыць пра нейкія зьмены ў Беларусі, альбо ня сьведчыць пра іх. Натуральна, што самі эўрапейцы ня могуць паўплываць ні на што ў нашай краіне. Парлямэнцкія выбары – гэта і ёсьць тая мяжа, да якой і будуць разьвівацца новыя ўзаемаадносіны Эўразьвязу зь Беларусьсю.
Якаў Дрозд, Віцебская вясна