Раніцай 7 лістапада ў Полацкі раённы аддзел міліцыі паступіла паведамленьне, што ноччу на могілках "Экімань" разбураныя 63 надмагільлі, 5 магілаў спаленыя.
На месца здарэньня неадкладна выбыла сьледча-апэратыўная група, была задзейнічаная перасоўная крыміналістычная лябараторыя Сьледчага камітэту. Міліцыянты пад кіраўніцтвам начальніка РАУС па пакінутых злачынцамі сьлядох, а таксама пры дапамозе іншых рэчавых доказаў вызначылі магчымае месца, дзе раней маглі знаходзіцца падазраваныя ў зьдзяйсьненьні злачынства. З дапамогай камэраў відэаназіраньня быў выяўлены 16-гадовы падлетак, які знаходзіцца на ўліку ў інспэкцыі па справах непаўнагадовых. Падчас далейшых вышуковых мерапрыемстваў апэратыўнікі выйшлі на двух ягоных паплечнікаў. Імі аказаліся жыхары Полацку 1990 і 1999 гадоў нараджэньня.
Як дадала афіцыйны прадстаўнік упраўленьня Сьледчага камітэту па Віцебскай вобласьці Іна Гарбачова, па гэтым факце Полацкім міжраённым аддзелам Сьледчага камітэту распачатая і расьсьледуецца крымінальная справа паводле ч.1 арт.347 (абняслаўленьне магілы) Крымінальнага кодэксу Беларусі. Сьледчыя працягваюць працу: вызначаюць агульную суму нанесенай шкоды, дапытваюць падазраваных асобаў, ажыцьцяўляюць вышук сьведак, прызначаюць неабходныя экспэртныя дасьледаваньні.
Кацярына Князева, belta.by