Відавочна, рэдакцыі "паставілі на від", як таго і варта было чакаць пасля згадкі на праваабарончым інтэрнэт-рэсурсе. І справа не толькі ў фотаздымку, які можна было замяніць, а яшчэ і ў змесце артыкула. Бо раённая газета праінфармавала чытачоў пра прызнанне ЕГУ "экстрэмісцкай арганізацыяй" у такім ключы, нібыта яна сумняецца ў слушнасці высноў пракуратуры на гэты конт.
“Генпрокуратура заявила, что деятельность вуза якобы используется для «нанесения ущерба интересам Беларуси. Теоретически под риском могут оказаться обучение, финансовые переводы в адрес вуза», - паведамляла выданне, выкарыстоўваючы для артыкула ілюстрацыю з сімволікай ЕГУ, прызнанай таксама “экстрэмсіцкай” ( гэта значыць, забароненай для ўжывання на тэрыторыі РБ).
Двума днямі раней адразу два віцебскіх дзяржСМІ апублікавалі пагрозы “крыміналкамі” ў сувязі з прызнаннем Еўрапейскага дзяржаўнага ўніверсітэта “экстрэмісцкай арганізацыяй”. Гарадская газета «Витьбичи» размясціла на сваім сайце каментар прадстаўніка абласной пракуратуры Дзмітрыя Кудраўцава. Той падрабязна распавёў, як цяпер будуць караць тых, хто любым чынам звязаны з беларускім універсітэтам у выгнанні, які з 2005 года працуе ў Вільнюсе.
Паводле ягоных словаў, аплата навучання ў ЕГУ будзе кваліфікавацца як фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці, а студэнтам і выкладчыкам пагражае ад 1 да 6 гадоў пазбаўлення волі: «любые финансовые операции в адрес университета, включая оплату обучения, квалифицируются как финансирование экстремистской деятельности по ст. 361-2 УК, предусматривающей наказание до 5 лет лишения свободы. Преподавание или продолжение обучения ЕГУ трактуется как участие в экстремистском формировании и влечет уголовную ответственность по согласно статье 361-1 УК». Таксама начальнік аддзела Віцебскай абласной пракуратуры падкрэсліў, што "экстрэмісцкай" з'яўляецца сімволіка універсітэта, і адпаведна, любы мерч навучальнай установы ў Беларусі забаронены пад пагрозай крымінальнага пераследу.
У адрозненне ад гэтых высноваў, трактоўка пазіцыі пракуратуры ў "Міёрскіх навінах" была, мякка кажучы, "больш лагоднай". Як вынік - артыкул знялі з сайта, а вось ці пакаралі за гэта аўтараў, і якім чынам - пытанне.
Марына Шчаглова