Маладыя людзі жывуць у інтэрнаце, які мае блёкавую сыстэму: санвузел на 4 пакоі, кухня на паверсе. Старыя электрычныя пліты замянілі новымі, у памяшканьні зьявілася больш месца. Ля кожных дзьвярэй стаіць палічка з абуткам - ніхто не заходзіць да гаспадароў не разуўшыся. Многія купляюць сабе бытавую тэхніку, тэлевізары, адным словам, уладкоўваюцца. З Туркмэністану юнакі і дзяўчаты прывозяць розныя рэчы, якія нагадваюць пра родную хату. Калі трапляеш у такую маленькую суполку, кожны куток кажа пра людзей і традыцыях краіны, адкуль яны прыехалі.
Туркмэны прыязныя і гасьцінныя, шануюць свае традыцыі. Вольны час усё праводзяць па-рознаму: хлопцы збольшага захапляюцца кампутарнымі гульнямі, дзяўчаты любяць шпацыраваць па горадзе . «Віцебск вельмі прыгожы, - сказала Дунья. - Вось толькі надвор’е не заўсёды дазваляе любавацца яго славутасьцямі. У Туркмэністане цяплей, сьнег нават узімку рэдка выпадае».
Навучаньне ў беларускіх ВНУ зьяўляецца прывабным для туркмэнскіх студэнтаў з шэрагу прычын. Гэта міждзяржаўныя дамоўленасьці, якія ўзаемна прызнаюць вышэйшую адукацыю і вучоныя ступені Беларусі і Туркмэністану, расейская мова, на якой ладзіцца навучаньне. Дый кошт для большасьці прымальны.
«Раней туркмэнам было забаронена навучацца за мяжой, - патлумачыла дэкан факультэту навучаньня замежных грамадзян Аксана Сасноўская. - У 2006-2007 гг. абітурыентам дазволілі выезд з краіны, з таго часу маладзёны пачалі цікавіцца і нашым ВНУ. Сёлета адбыўся першы выпуск студэнтаў-туркмэнаў: 9 чалавек скончылі юрыдычны факультэт і 1 - факультэт фізычнай культуры і спорту».
Пра магчымасьць вучыцца ў ВДУ юнакі і дзяўчаты даведаюцца ад сваіх землякоў, якія ўжо сталі студэнтамі ВНУ, або праз Інтэрнэт.
«Каб атрымаць права выехаць за мяжу, туркмэнскія абітурыенты праходзяць адбор на радзіме, - сказала Аксана Анатольеўна. - Адным з вызначальных фактараў залічэньня зьяўляецца веданьне расейскай мовы. Пасьля гэтага чакае сумоўе па пытаньнях ўступных выпрабаваньняў. Тыя, хто яго не прайшоў зь якіх-небудзь прычын, могуць застацца на падрыхтоўчых курсах і ў наступным годзе паспрабаваць свае сілы зноў».
Крыніца: Витебские вести