На самім мітынгу былі зацьверджаныя патрабаваньні для паляпшэньня ўмоў працы ІП, прапанаваныя рухам салідарнасьці «Разам». Гэтыя патрабаваньні, як паведаміў актывіст руху менскі прадпрымальнік Алесь Макаеў, будуць высланыя ў адміністрацыю прэзыдэнта поштай.
Яскевіч жа намагае на тым, што ініцыятыва мітынгу зыходзіла ад прадпрымальнікаў з рэгіёнаў, таму ў аснову рэзалюцыі аб выніках праведзенага на Кастрычніцкай плошчы сходу ІП ляглі тыя ж эканамічныя патрабаваньні, якія прадпрымальнікі з рэгіёнаў раней выстаўлялі ў сваіх зваротах да Лукашэнкі, і на якія ім так і не далі адказу. У рэзалюцыі прадпрымальнікі патрабуюць скасаваць указ №222 і вярнуць ІП у межы ўказу №285 зь некаторымі праўкамі.
«Ва ўказ трэба ўнесьці пункты аб магчымасьці для прадпрымальнікаў мець наёмных асоб, а таксама пра тое, што ІП, якія перайшлі на працу па дакумэнтах, могуць працаваць з адзінай стаўкай, плюс выплачваючы 20-адсоткавую мыту», – сказала Яскевіч.
Прадпрымальнікі таксама патрабуюць разгледзець пытаньне аб выплаце ўнёскаў у ФСАН толькі за фактычна адпрацаваны час, а таксама даць магчымасьць ІП усталёўваць аплатныя тэрміналы на добраахвотнай аснове, калі іх штомесячны даход не перасягае 60 мільёнаў рублёў.
У дакумэнце таксама гаворыцца пра патрэбу зьнізіць падвышальныя каэфіцыенты падаткаў для ІП. «Мы плацілі падатак з падвышаным каэфіцыентам 2 за тое, што ўвозілі тавар без дакумэнтаў, а яшчэ адзін падатак з такім жа каэфіцыентам – за тое, што паступае тавар без сэртыфікацыі. Мы не за анархію, мы гатовыя праводзіць акты гігіенічных экспэртыз, як гэта было раней», – патлумачыла лідэрка аргкамітэту прафсаюзу «Разам».
Прадпрымальнікі таксама ўважаюць за патрэбнае «ліквідаваць несувымернасьць пакараньняў парушэньням». Яскевіч падкрэсьліла, што ІП ня ў стане аплачваць штрафы нароўні зь юрыдычнымі асобамі. «Калі ў мяне на этыкетцы будзе нешта няправільна аформлена – напрыклад, лічба ў артыкуле зблытаная ці нешта яшчэ, і гэта ніяк не ўплывае на якасьць тавару – то мне дадуць штраф 42 мільёны рублёў; гэта немагчыма. Мы просім вярнуцца да дэкрэту №4, дзе гаворыцца, што трэба не штрафаваць, а абмежавацца толькі выдачай прадпісаньняў, даваць ІП час на ліквідацыю парушэньняў», – сказала яна.
Акрамя таго, у рэзалюцыі гаворыцца пра патрэбу «ўключыць у камісіі, рады і рабочыя групы для разьвязаньня пытаньняў аб дзейнасьці ІП тых, каго выберуць самі прадпрымальнікі». «На сёньняшні дзень у працоўныя групы ўключаныя прадстаўнікі сярэдняга бізнэсу, юрыдычныя асобы, якія лябіююць свае інтарэсы», – падсумавала Яскевіч.
Крыніца: Хартыя'97