Пятніца, 25 Снежань 2015

Работнікам віцебскага ААТ «Жылбуд» частку зарплаты выдалі сэртыфікатамі на куплю абутку

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Работнікі «Жылбуду» перад надыходам Новага году спрабуюць прадаць па цане ніжэйшай за намінал выдадзеныя ім на прадпрыемстве сэртыфікаты для куплі абутку і скургалянтарэі «Марка» – некалькі такіх абвестак зьявілася ў суполцы «Народных навін Віцебска».

Адна з работніц будаўнічай фірмы распавяла, што сэртыфікаты на 800 000 рублёў ім выдалі на прадпрыемстве, узяўшы пры гэтым расьпіскі ў атрыманьні і згодзе на тое, што гэтая сума будзе адлічаная зь іх заработнай платы цягам трох месяцаў.

Паводле інфармацыі на сэртыфікатах, іх можна выкарыстоўваць у фірмовых крамах гандлёвай сеткі «Марка», прычым яны будуць прыдатныя толькі да 31 студзеня 2016 году. Дзякуючы таму, што сэртыфікаты не імянныя, шмат хто спрабуе іх прадаць, звычайна выстаўляючы цану ў 700 000 рублёў, то бок на 100 000 рублёў ніжэй за намінал. Частка ўладальнікаў гэтых купонаў, не спадзеючыся на продаж праз інтэрнэт, прапануюць сэртыфікаты пакупнікам наўпрост у абутковых крамах.

У сацыяльных сетках пад абвесткамі пра продаж такіх сэртыфікатаў віцебчукі жартуюць, што, мабыць, такім чынам «Марка» разьлічылася з «Жылбудам» за будаўніцтва новага лягістычнага цэнтру «OUTLET Marko». Гэты гандлёва-лягістычны цэнтар і цэнтар распродажаў на Бешанковіцкай шашы, разьмешчаны на месцы былой вёскі Паўлавічы, быў урачыста адкрыты 17 сьнежня. Будаўніцтва і абсталяваньне новага будынку абышлося ў 120 мільярдаў рублёў.

Сяржук Серабро, news.vitebsk.cc