Паводле тэхнікі бясьпекі, гэта павінны рабіць як мінімум 3 чалавекі, адзін у калодзежы і двое звонку. Але на прадпрыемстве УП «Полацакводаканал» праводзіцца масавае скарачэньне супрацоўнікаў. «Дырэктар на працягу апошняга часу моцна скараціў штаты простых рабочых... працаваць няма каму, і даводзіцца ўсё рабіць сваімі сіламі, таму яго адправілі аднаго, пад подпіс начальніка», – піша чытач.
Начальнік, які паслаў Дзяніса Анішчанку, часова адхілены ад сваіх абавязкаў, вядзецца разьбіральніцтва. Аднак сваякі загінулага асьцерагаюцца, што кіраўніцтва водаканалу паспрабуе ўхіліцца ад адказнасьці, пераклаўшы віну на маладога рабочага.
«Па ўсіх традыцыях, кіраўніцтва ва ўсю спрабуе замяць гэта як мага хутчэй і "па-ціхаму". Калегі, якія працавалі ў той дзень, цяпер даюць паказаньні, што хлопец сам палез у калодзеж, і гэта была ягоная ініцыятыва, а не ініцыятыва начальства. Хоць у дзень трагедыі ўсе яны казалі адваротнае, што Дзяніс пайшоў выконваць загад кіраўніцтва. Таксама калегі па працы паведамілі, што паводле тэхніцы бясьпекі падчас правядзеньня такіх работ як мінімум 1 чалавек павінен заставацца яшчэ звонку», – паведамляе чытач.
У загінулага 22-гадовага хлопца засталася жонка і маленькае дзіця. «Я разумею, што ўсё адно прадпрыемству гэта ўсё сыдзе з рук, але не хацелася б, каб сям'я засталася зусім без кампэнсацыяў», – піша чытач.
На «Полацакводаканале» сытуацыю пагадзілася пракамэнтаваць старшы інжынэр па ахове працы Сьвятлана Швед:
«Мы ня можам вызначыць, з чыёй віны гэта адбылося. Пасьля таго, як судмэдэкспэртыза скажа нам прычыну сьмерці, тады мы можам ужо канкрэтна ўсё злучыць: што, з-за чаго і як. Пакуль мы толькі зьбіраем дадзеныя і зьвесткі. Гэта адбылося на працоўным месцы. Чалавека паслалі візуальна паглядзець трасу, ён быў потым знойдзены ў калодзежы, паводле словаў відавочцаў. Калі Сьледчы камітэт скончыць сваю працу, мы зможам сказаць, што здарылася. На цяперашні момант СК праводзіць расьсьледаваньне. Калі ён адмовіць у распачынаньні крымінальнае справы, пытаньнем будзе займацца ахова працы водаканалу. Але адказ Сьледчага камітэту будзе атрыманы толькі пасьля 11 студзеня».
Крыніца: Хартыя'97