Віцебскія праваабаронцы, у якасьці гаспадароў, адкрылі сустрэчу, зрабіўшы кароткі агляд сытуацыі з правамі чалавека ў Віцебскім рэгіёне. Праваабаронца Леанід Сьвецік нагадаў прысутным пра мірныя пратэсты, якія прайшлі ў гарадох вобласьці ўвесну і былі накіраваныя супраць антыканстытуцыйнага Дэкрэту №3 (аб “дармаедах”).
На думку праваабаронцы, брутальнае падаўленьне пратэстаў уладамі стала прыкладам беспрэцэдэнтнага парушэньня стандартаў і абавязкаў Рэспублікі Беларусь у галіне захаваньня правоў і свабод чалавека.
Прысутныя падрабязна прааналізавалі ўдзел праваабаронцаў у сацыяльна-палітычных працэсах. Прыйшлі да высновы, што праваабаронцы выступаюць адначасна і як суб’екты, і як аб’екты гэтых працэсаў. Сышліся на думцы, што актывісты праваабарончага руху краіны ў любых умовах і сытуацыях павінны выдатна і выразна выконваць сваю місію – бараніць правы і законныя інтарэсы грамадзян.
Падчас абмеркаваньня вынікаў чацьвертага форуму праваабаронцаў, які адбыўся ў Вільні напрыканцы кастрычніка, удзельнікі сустрэчы канстатавалі, што за два дзесяцігодзьдзя свайго існаваньня праваабарончы рух, які быў заснаваны энтузіястамі, ператварыўся ў скансалідаваную прафэсійную супольнасьць.
Прагучалі падчас падвядзеньня вынікаў форуму і крытычныя заўвагі. Гэтак, мянчанка Тамара Сяргей выказала занепакоенасьць, што некаторыя праваабарончыя арганізацыі імкнуцца апанаваць галоўныя пазыцыі руху, фармалізаваць і бюракратызаваць яго. Праваабаронца заклікала таксама прысутных да шчыльнага ўзаемадзеяньня з уладамі дзеля аднаўленьня правоў асобных грамадзян.
Разынкай сустрэчы стаўся зачынены паказ дакумэнтальнага фільму пра віцебскага праваабаронцу Паўла Левінава.
Пасьля прагляду стужкі калегі Паўла Ісакавіча падзяліліся ўражаньнямі і меркаваньнямі – як станоўчымі, так і крытычнымі. Але ўсе гледачы сышліся на думцы, што падобныя фільмы вельмі патрэбныя для папулярызацыі праваабарончага руху ў краіне.
Рэжысэр стужкі віцебская журналістка Алена Сьцяпанава паабяцала, што неўзабаве фільм змогуць пабачыць усе жадаючыя.
Лявон Яфрэменка