Павал Левінаў, Віцебск:
Я чакаў, што мы падвядзём вынікі дзейнасьці праваабарончай супольнасьці, таго, што было намі зроблена пасьля папярэдняга форуму, а таксама выберам накірункі дзейнасьці на найбліжэйшыя 3-5 гадоў. І мае чаканьні спраўдзіліся.
Форум паказаў, што праваабарончы рух існуе. І ён досыць моцны, нягледзячы на ўсе тыя рэпрэсіі, на ўсе тыя перашкоды, якія чыніць улада нам у нашай дзейнасьці.
Мікола Шарах, Полацак:
Тыя пляны, якія ў нас былі на гэты форум, – мы іх рэалізавалі. Былі заплянаваныя пэўныя сустрэчы. З кім мы хацелі сустрэцца – сустрэліся, паразмаўлялі. І, наогул, атрымалі ўяўленьне пра тое, чым займаюцца праваабаронцы ня толькі ў Віцебскай вобласьці, але ва ўсёй Беларусі, якія тэмы зараз актуальныя.
Нам хацелася знайсьці менавіта такія структуры і арганізацыі, якія працуюць так, як і мы, збольшага ў сацыяльна-эканамічнай сфэры. І якія займаюцца рэгіянальнымі праблемамі, праблемамі малых гарадоў. Сустрэча з такімі рэгіянальнымі структурамі, досьвед іхнае працы – гэта было для нас цікава, і мы гэта атрымалі.
Наконт тых чаканьняў, што ня спраўдзілася, – вельмі загружаная праграма была, вельмі шмат сэкцыяў, якія хацелася наведаць, але не было магчымасьці адначасова прысутнічаць у розных месцах. І хацелася б, каб было больш тэматычна, каб быў ня проста форум, а як форум – прэзэнтацыя арганізацыяў. Або як форум – праграма супрацоўніцтва, гэта нас цікавіла таксама – супрацоўніцтва зь іншымі арганізацыямі па тых накірунках, па якіх мы працуем.
Леанід Сьвецік, Віцебск:
Форум быў прадстаўнічы – фактычна ўсе праваабарончыя арганізацыі Беларусі мелі сваіх прадстаўнікоў на гэтым зьезьдзе. І ён быў неабходны. Праваабаронцы зьверылі свае гадзіньнікі, што да таго, чаго яны ўжо дасягнулі і чаго маюцца дасягнуць у найбліжэйшыя 3-4 гады.
Я чакаў, што будуць абмеркаваныя самыя злабадзённыя пытаньні, якія тычацца ня толькі праваабаронцаў, але і ўсяго беларускага грамадзтва. Перш за ўсё гэта пытаньне палітвязьняў і пытаньні, зьвязаныя з магчымасьцю рэалізоўваць свае правы на мірныя сходы і на свабоду выказваньня думак. Названыя праблемы павінны быць заўсёды ў цэнтры ўвагі праваабарончай супольнасьці.
Абмеркаваньне было глыбокае, выказвалася шмат думак. Тое, што казалі праваабаронцы на форуме, было вельмі актуальна і надзвычай карысна для таго, каб спраектаваць сваю дзейнасьць на вырашэньне згаданых пытаньняў.
Ігар Казьмярчак, Ворша:
Мае спадзяваньні форум апраўдаў цалкам. Я чакаў таго, што праваабаронцы змогуць сабрацца масава, каб абмеркаваць свае бягучыя пытаньні, пэрспэктывы. Гэта і адбылося. І фармат для гэтага прыдатны быў.
Такія форумы, у прынцыпе, ніколі не мінаюць дарэмна. Само сабой, дзякуючы размовам з калегамі я прыехаў у Воршу зь нейкімі новымі ідэямі, якія мы паспрабуем рэалізаваць на практыцы.
Кастусь Дзьвінскі