19-гадовая навучэнка аднаго з віцебскіх каледжаў Марыя Амасовіч вызвалілася ў мінулую суботу з ІЧУ пасля 40 сутак арышту, прысуджаных ёй па дзвюх адміністрацыйных справах (арт. 24.23 КаАП) яшчэ ў красавіку і траўні. Дзяўчына кажа, што за 40 дзён памяняла 5 камер, а чатыры апошнія дні сядзела адна. Прызнаецца, што вырашыла перайсці на беларускую мову. За паслугі ізалятару Марыя мусіць заплаціць 565 рублёў.

29 траўня ў Віцебску на волю выйшла актывістка Ангеліна Туравец. За маску з бел-чырвона-белым прынтам дзяўчына правяла 20 сутак у віцебскім ізалятары часовага ўтрымання (ІЧУ). Арыштам яе пакарала суддзя Алена Цыганкова, якая палічыла з'яўленне Ангеліны ў БЧБ-масцы 9 траўня ў цэнтры гораду несанкцыянаваным пікетаваннем (арт. 24.23 КаАП).

21 траўня з віцебскага ізалятару часовага ўтрымання (ІЧУ) выйшла на волю 23-гадовая Лізавета Кірыенка, якая працуе выхавальніцай у дзіцячым садку. Лізавету павінны былі вызваліць яшчэ 6 траўня, але незадоўга да заканчэння тэрміну на яе завялі новую адміністрацыйную справу – суд дадаў ёй яшчэ 15 сутак арышту. Агулам за кратамі яна правяла 25 дзён.

20 траўня з ізалятару часовага ўтрымання ў Віцебску вызвалілі Алену Радзькову, Наталлю Рэфенкулаву, Аляксандра Шэлепня. Яны былі затрыманыя ў Полацку і Наваполацку на 72 гадзіны як падазраваныя ў крымінальнай справе па арт. 341 КК («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці») і этапаваныя ў Віцебск. Пазней на волю павінен быў выйсці Артур Сінега.

15 траўня пасля 10-дзённага арышту на волю выйшла студэнтка 4 курсу ВДУ імя Машэрава Марыя Агіевіч. Яна адбывала пакаранне за фота з сяброўкамі, якое яны зрабілі пад Кіраўскім мостам у Віцебску (арт. 24.23 КаАП). Сустрэць дзяўчыну на выхадзе з ІЧУ не ўдалося.