Сціплая, светлая і вельмі далікатная. З Марыяй Амасовіч сустрэліся 10 чэрвеня на выхадзе са следчага камітэту, дзе дзяўчына прабыла аж дзве з паловай гадзіны – хадзіла даваць чарговыя тлумачэнні і спрабавала вярнуць свой тэлефон, канфіскаваны яшчэ ў красавіку. Паразмаўлялі з ёй пра тое, чаго хацеў следчы і як вытрымала 40 дзён за кратамі.
Тэлефон узламаць не здолелі
«Я сама па вызваленні звязалася са следчым, бо хачу забраць свой тэлефон, які канфіскавалі. Маю статус падазраванай па справе аб надпісах на гаражы – гэта крымінальны артыкул 341. Фота сцяны знайшлі ў маёй сяброўкі на тэлефоне. А таму што і мой тэлефон забралі ў яе кватэры, то і мяне падазраванай зрабілі.
Сёння ў СК даведалася, што тэлефон дасылалі на экспертызу ў Менск. Але следчы паведаміў, што і там не змаглі яго ўзламаць і ніякай інфармацыі з яго не дасталі. Так я яго запароліла (смяецца). Сёння я ім сама назвала пароль, бо ведаю, што ў тэлефоне нічога такога няма. Следчы адкрыта выказваў незадавальненне, што вымушаны займацца такімі справамі. Папрасіў чакаць ягонага званку».
«Першае, што зрабіла, – завалілася ў ванну»
«Вызвалілі мяне з сутак не адразу. Гэта было 5 чэрвеня ўначы – у 23.34.Такі час мне пазначылі ў РАУС – час затрымання. Сімвалічна, праўда? Прыйшлі міліцыянты, сказалі: выпускаем. Але калі мяне павялі праз нейкі ангар, адразу зразумела, што нармальна не выйду – павязуць у РАУС.
Прабыла там да дзвюх гадзін ночы – размаўлялі з намеснікам начальніка Кастрычніцкага РАУС Бондаравым, здаецца. І ўжо потым ён загадаў сваім падначаленым завезці мяне дамоў. Пра што размаўлялі? Спрабаваў мне данесці сваю пазіцыю, а я – сваю. Казаў, што не супраць нас, але мы нічога не даможамся, маўляў, усё гэта бескарысна. Папярэдзіў таксама, што мне не трэба больш пападацца, бо тады могуць завесці ўжо крымінальную справу.
Першае, што зрабіла па прыездзе дамоў, – завалілася ў сваю ванну і ляжала... Заснула толькі на світанку.
«Выводзілі з камеры і чынілі шмон»
«Неяк выжылі. Спалі на матрацах – ужо нармальна. Пад'ём – а 6-й раніцы. Потым прыходзілі супрацоўнікі, падымалі, строілі і правяралі металашукальнікам на наяўнасць забароненых прадметаў. Матрацы зранку заносілі ў спецыяльны пакой. У 9.00 – праверка.
І калі было шмат палітычных, нас выводзілі з камеры, а пакуль нас там не было, – чынілі шмон. Проста бралі нашыя пакеты і выкідвалі ўсе рэчы ў агульную кучу пасярэдзіне камеры. Заходзіш у камеру пасля такога ператрусу – а там суцэльны вэрхал. Ну тады пачынаем разбіраць адзенне з гэтай агульнай купы. Калі нас стала менш, ім, відаць, стала нецікава шманаць нашыя рэчы.
Ведаеце, калі сядзела, пастаянна думала пра тое, што камусьці яшчэ горш. Некаторыя ўжо год за праўду сядзяць, дык што там мае 40 сутак…»
«З самага дзіўнага: дзве кашы ў адну мяшаюць»
«Наконт ежы скажу адно: гэта можна есці. Але не ўсё. З самага дзіўнага: дзве кашы замешаныя ў адну – гарохавая і ячная. Гэта вельмі дзіўна, ага. І мы гэта не елі. А што можна есці – гэта супчыкі. Самае смачнае ж – кісель і чай. Але вельмі мала выдавалі. На самым донцы.
Не, голаду там не адчувала, але ў апошні дзень адмовілася ад ежы. Напісала заяву. Гэта не было галадоўкай – проста вырашыла ўстрымацца. Дарэчы, наконт перадач, дык дазваляюць толькі прадметы гігіены і, можа быць, цёплыя рэчы. Харчы перадаваць не дазваляюць, спасылаючыся на каронавірус. Калі ім трэба – у іх каронавірус».
У душ хадзілі з лекарам – каб не «ўскрыліся»
«Ведаеце, я 40 сутак нармальна не спала. Можна сказаць, спала з расплюшчанымі вачыма. Ляжала. Таму што, па-першае, гэтае святло ўздзейнічае на псіхіку, а яшчэ – некалькі разоў за ноч будзяць. Грукаюць у дзверы дубінкай ці нагамі і загадваюць уставаць! І мы мусім устаць і стаць у строй, назваць прозвішча. Усё. І новы адбой. І мы зноў спрабуем заснуць. Гэта можа адбывацца два разы за ноч. Але былі змены якія нас шкадавалі і не будзілі. На здароўі гэта, я спадзяюся, не адабʼецца, але выйшла я з СІЗА з чырвонымі вачыма праз гэтыя недасыпанні.
Дарэчы, за тыдзень да вызвалення, да нас прыходзіў начальнік СІЗА-2 Сочнеў, запытаўся, якія ёсць скаргі. Дык я сказала, што мне зімна. Трохі нечакана было, але ён прынёс мне дзве коўдры. Спачатку было сапраўды халодна ў камеры – я ж туды яшчэ ў красавіку трапіла.
А больш за ўсё не хапала свежага паветра. Прыязджаў пракурор, і я сказала, што за 30 сутак ніводнага разу не была на свежым паветры. Ён нібыта паабяцаў, што адвядуць на шпацыр. Але так і не адвялі. Ніводнай прагулянкі не было!
А ў душ вадзілі раз на тыдзень. Часам хадзілі з аховай – з доктарам, які там быў, калі нам выдавалі прылады для галення. Маўляў, можам сябе парэзаць, ускрыцца, таму патрэбны доктар. Сядзеў у раздзявальні, пакуль мы мыліся.
«Ліст можна было напісаць толькі за два заходы»
«Курцоў у камеры заўсёды была большасць. Але праз прысутнасць палітычных ім не давалі курыць. Курылі толькі раз-два на дзень. І было такое, што нас адвялі ў камеру, дзе людзі сядзелі не па палітычных артыкулах – дык у іх таксама забралі на дзень матрацы, як і ў нас. Можа, хацелі пасварыць нас. Да гэтага ў іх матрацы не забіралі.
У нас жа забіралі і кнігі, і часопісы, і сшыткі. Давалі толькі на паўгадзіны. То бок элементарны ліст можна было напісаць толькі за два заходы. Сёння палову напісаў, і заўтра палову. Атрымала я каля 10 лістоў. Паспела толькі два лісты ў адказ напісаць.
Ці лічу ўсё гэта маральным катаваннем?.. Як мне сказалі, яны гэта робяць дзеля таго, каб мы больш туды не патрапілі і больш ніколі не захацелі выходзіць на пратэсты. Ну, гэта напэўна не катаванні, але ж вялікі дыскамфорт – сядзець без нічога на голым жалезе».
«Не зварʼяцела, але... цяжка»
«Чатыры апошнія дні сядзела ў камеры адна. Чаму, не ведаю. Людзі былі, але мяне да іх не падсялялі. Без кніг і паперы. Зварʼяцець не зварʼяцела, але так, цяжка. Час марудна цягнуўся. Аднак былі і плюсы: ніхто побач не паліў. Сядзела і думала. Паспела за гэтыя дні ўсё сваё жыццё перадумаць, асэнсаваць. Не, мой пункт гледжання на свет і палітыку гэтыя суткі не змянілі. Але трапляць у ізалятар я больш не хачу, так скажам.
Ведаеце, яшчэ думаю цалкам перайсці на беларускую мову. Пачаць размаўляць. Седзячы ў камеры, спрабавалі размаўляць на беларускай мове, і некаторыя міліцыянты таксама адказвалі па-беларуску.
З каледжу не выключылі – перавялі на вячэрняе аддзяленне
«Калі мяне вызвалілі, я пазваніла свайму майстру, і тая папрасіла падысці ў каледж.: трэба было напісаць тлумачальны ліст, дзе я была ўвесь гэты час. На наступны дзень адміністрацыя прыняла рашэнне перавесці мяне на вячэрняе аддзяленне ў іншую групу. Але не выключылі, бо пару дзён вучыцца засталося, потым экзамены – і я з дыпломам бармена.
Не, зʼязджаць адсюль не збіраюся, хоць ведаю, якая сітуацыя, але ж гэта мая краіна. Папрацую па спецыяльнасці. Паступаць пакуль не збіраюся, а потым – пабачым. Будучыню ў нас не адбяруць...»
Размаўляў Янка Прас