Дзве рэчавыя перадачы ў калоніях і тэлефонныя размовы замест спаткання
З 12 ліпеня асуджаным, якія адбываюць тэрміны пакарання ў калоніях, будуць дазволены дзве рэчавыя пасылкі ў год замест адной. У іх уваходзяць абутак, адзенне і прамысловыя тавары, акрамя прадуктаў і цыгарэт. Таксама асуджаным дазволілі атрымліваць замест пасылак, перадач, бандэроляў ці дробных пакетаў прадукты, набытыя сваякамі ў крамах калоній. Не сваякі, а сябры і знаёмыя змогуць набыць прадукты для зняволенага з дазволу начальніка папраўчай установы.
Па новым законе асуджаныя могуць замяніць кароткатэрміновае спатканне на 1 гадзіну тэлефоннай размовы.
А вось за працяглыя спатканні цяпер давядзецца плаціць. Кошт за пражыванне ў памяшканнях, прадугледжаных для працяглых спатканняў, фармуе міністэрства фінансаў.
Людзей, якія знаходзяцца пад прэвентыўным наглядам, могуць прымусіць працаваць
Прэвентыўны нагляд устанаўлівае суд пасля вызвалення зняволенага з калоніі. Прызначаюць яго тым, у каго быў асабліва небяспечны рэцыдыў злачынстваў або асуджаным па цяжкіх або асабліва цяжкіх справах. Вядомыя выпадкі, калі прэвентыўны нагляд прызначалі беларусам, асуджаным па палітычных артыкулах. Напрыклад, у лютым 2023 года экс-палітвязня Аляксея Шчарбацюка судзілі за парушэнне патрабаванняў прэвентыўнага нагляду.
Устанаўліваючы прэвентыўны нагляд, суд можа абавязаць чалавека не наведваць пэўныя месцы, забараніць выязджаць з горада ці краіны, абавязаць паведамляць аб змене прапіскі і гэтак далей. А з 12 ліпеня 2024 года суд пры ўсталяванні прэвентыўнага нагляду можа абавязаць чалавека ўладкавацца на працу, заняцца вучобай ці іншай дзейнасцю, пры ажыццяўленні якой беларус лічыцца "занятым".
Больш за тое, у крымінальна-выканаўчым кодэксе з'явіўся новы артыкул 201-1. У ім прапісаны абавязкі адміністрацый тых установаў, дзе працуе альбо вучыцца чалавек пад прэвентыўным наглядам. Працадаўца будзе павінен збіраць дадзеныя пра тое, як працуе былы зняволены, колькі гадзін праводзіць на працы, ці выконвае дысцыпліну і гэтак далей. Калі чалавека пад прэвентыўным наглядам звальняюць або пераводзяць на іншае месца працы, працадаўца павінен пра гэта паведаміць на працягу трох дзён пасля прыняцця рашэння.
Больш строга будуць ставіцца да "хімікаў"
з 12 ліпеня супрацоўнікі папраўчай установы адкрытага тыпу маюць права выкарыстоўваць аўдыёвізуальныя, электронныя і іншыя тэхнічныя сродкі нагляду і кантролю за тымі, хто адбывае пакаранне. Сачыць за людзьмі могуць для папярэджання парушэнняў, а таксама для атрымання інфармацыі аб паводзінах асуджаных.
Аб магчымасці сачэння «хімікаў» будуць апавяшчаць пад распіску. Прычым адмова падпісаць адпаведны дакумент не гарантуе, што супрацоўнікі ПУАТ не будуць сачыць за асуджаным. Змянілася і адказнасць за парушэнне парадку ў ВУАТ. Па новых правілах дысцыплінарная ізаляцыя можа складаць не 10, а 15 сутак.
Адміністрацыі арганізацый, дзе працуюць асуджаныя да «хіміі» павінны будуць штомесяц прадастаўляць справаздачу ў крымінальна-выканаўчую інспекцыю аб сваіх работніках/вучнях.
Змены будуць тычыцца і асуджаных да арышту
Цяпер адбываць арышт могуць адправіць у любую кропку краіны. Раней асуджаных павінны былі адпраўляць у арыштны дом, найбліжэйшы да іх месца жыхарства.
Са станоўчых зменаў – дазвол на спатканне. З 12 ліпеня асуджаны да арышту мае права на дадатковае кароткатэрміновае спатканне з блізкімі сваякамі. Яго можна атрымаць у перыяд пасля сканчэння суда і да адпраўкі ў арыштны дом. Гэтае спатканне дадатковае: яно не ўваходзіць у лік тых, на якія мае права арыштаваны пасля прыбыцця на месца.