Аляксандар Бажкоў ужо адбывае тэрмін у Віцебскім арыштным доме, які месціцца на тэрыторыі Віцебскага абластнога следчыга ізалятару №2.
Чаму гэтыя людзі сталі палітвязнямі, тлумачаць праваабаронцы. На іх думку, нанясенне надпісаў такога кшталту не з'яўляецца праявай хуліганства і вандалізму. Змест надпісаў у кантэксце грамадска-палітычных падзей і публічных грамадскіх дыскусій, палітычных пратэстаў, якія праходзяць у краіне з лета 2020 году, сведчаць аб тым, што матывам іх нанясення было выказванне ўласнага меркавання наконт грамадска значных тэмаў.
Абаронцы правоў чалавека лічаць, што такая форма выказвання меркавання трапляе пад абарону Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і не мае нічога агульнага з прад'яўленымі ім абвінавачваннямі. У адпаведнасці з арт. 19 Пакту, кожны чалавек мае права на свабоднае выказванне свайго меркавання; гэта права ўключае ў сябе свабоду шукаць, атрымліваць усякага роду інфармацыю і ідэі, незалежна ад дзяржаўных межаў, вусна, пісьмова або праз сродкі друку або мастацкія формы выяўлення, ці іншымі сродкамі на свой выбар. Карыстанне гэтым правам можа накладаць асаблівыя абавязкі і асаблівую адказнасць. Яно можа быць, адпаведна, звязанае з некаторымі абмежаваннямі, якія, аднак, павінны быць устаноўленыя законам і з'яўляцца неабходнымі: для павагі правоў і рэпутацыі іншых асоб, для аховы грамадскай бяспекі, грамадскага парадку, здароўя і маральнасці насельніцтва.
Асуджаныя не замахваліся на значныя каштоўнасці, не знішчылі іх. Самі надпісы не ўтрымліваюць мовы варожасці і нянавісці па прыкметах нацыянальнай, расавай, рэлігійнай прыналежнасці або сацыяльнага паходжання ды іншых прыкметах. Нецэнзурная лексіка, якую выкарыстоўвалі некаторыя з іх, не сведчыла сама па сабе аб наяўнасці ў іх дзеяннях складу крымінальнага злачынства.
Матэрыяльная шкода праз такія дзеянні насіла чыста сімвалічны характар.
Падрыхтаваў Міхась Пісараў