Касацыйная скарга асуджанага за спробу ўсталяваць кантакты з прадстаўнікамі замежнай спэцслужбы Андрэя Гайдукова будзе разгледжаная ў Вярхоўным судзе 27 жніўня. Пачатак суду – а 9:30. Андрэй Гайдукоў асуджаны паводле часткі 1 артыкулу 14 і артыкулу 356-1 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь на 1,5 года пазбаўленьня волі.

Маці палітвязьня Андрэя Гайдукова паведаміла інфармацыю пра свае спатканьні з сынам. «Першым разам я змагла ўбачыць яго адразу пасьля суду. Спатканьне мне тады былі абавязаныя падаць паводле закону. Да таго ж, на працягу васьмі месяцаў я ні разу ня бачыла і ня чула сына. Наступнае спатканьне дазволілі 18 ліпеня», - распавяла Вольга Гайдукова.

Лісты і паштоўкі з пажаданьнямі моцы духу, надзеі і веры накіравалі палітзьняволеным віцебскія актывісты. Меркавалася, што допісы дойдуць у месцы зьняволеньня ў дні, бліжэйшыя да даты прыняцьця Дэклярацыі аб сувэрэнітэце Беларусі. Зрэшты, калі палітвязьні атрымаюць лісты - залежыць ад працы цэнзараў. Але словы падтрымкі ніколі не бываюць лішнімі.

Сустаршыня Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі Павал Севярынец, які адбывае тры гады абмежаваньня волі за Плошчу-2010 у Купліне, атрымаў трохдзённы адпачынак, падчас якога ён наведаў Віцебск, дзе жывуць яго бацькі. Да заканчэньня тэрміну зьняволеньня Паўлу засталося тры месяцы.

Прызнаны вінаватым у спробах устанавіць кантакты з замежнымі спэцслужбамі Андрэй Гайдукоў абскардзіў прысуд Віцебскага абласнога суду, скаргу плянуюць накіраваць у Вярхоўны суд пры канцы наступнага тыдня. “Касацыйная скарга Гайдукова паступіла. У цяперашні час мы знаёмім зь ёй дзяржаўнага абвінаваўцу”, - паведамілі агенцтву “Інтэрфакс-Захад” у Віцебскім абласным судзе.