Юры Серабро быў асуджаны судом Кастрычніцкага раёну гораду Віцебску 13 жніўня 2021 году. Суддзі Сняжане Кіндзеевай хапіла ўсяго 40 хвілін, каб цалкам разабраць крымінальную справу і прыняць такое рашэнне. На судзе мужчына прызнаў сваю віну і ад паслуг адваката адмовіўся. Падставай для судовага разбору паслужыў каментар у сацыяльнай сетцы «Інстаграм» пад постам у групе «Тыповы Віцебск», які Юры пакінуў 1 сакавіка 2021 году. У ім ён параўнаў прэзідэнта Лукашэнкі з д'яблам, напісаўшы, што ён «Люцыфер у абліччы чалавека».
На працэсе суддзю цікавілі палітычныя погляды абвінавачанага.
«Нейкая асабістая непрыязь у вас ёсць да прэзідэнта?» – запытвала Кіндзеева. «Не», – апраўдваўся Юры. І тлумачыў, што напісаў каментар на эмоцыях, бо ў краіне няма для яго працы і даводзіцца «жыць за капейкі». У Расею ж, куды ён ездзіў працаваць раней, яго не пускаюць праз пандэмію.
«Разумееце, што так рабіць нельга?» – пыталася суддзя. «Зразумеў, калі за мной прыехаў ГУБАЗіК», – адказаў Серабро. Ён таксама тлумачыў, што ў пратэставых акцыях не браў удзелу і сцягоў удома не трымае, палітычнымі працэсамі не цікавіўся.
«Гэта адзінае што вы зрабілі?» – удакладніла суддзя. «Так, на эмоцыях», – адказаў сп. Юры.
Беларускія праваабарончыя арганізацыі палічылі гэты судовы працэс, а таксама сам прысуд «палітычна матываваным, звязаным з мірнай рэалізацыяй выказвання меркавання». Праваабаронцы заклікалі беларускія ўлады неадкладна вызваліць Юрыя Серабро, як і астатніх грамадзян, прызнаных палітычнымі зняволенымі.
Уладзімір Бяляўскі