Вайсковага пенсіянера Купрэшына прызналі палітвязнем. Яму прысудзілі тры гады калоніі за лісты пракурору і дымавы порах
9 верасня беларуская праваабарончая супольнасць прызнала палітвязнем 65-гадовага Сяргея Купрэшына, якога суд Пастаўскага раёну адправіў на тры гады ў калонію ўзмоцненага рэжыму за публічную абразу прадстаўніка ўлады (арт. 368 КК) і захоўванне выбуховых рэчываў (ч.2 арт. 295). 25 сакавіка 2020 году яго пазбавілі дазволу на захоўванне і выкарыстанне паляўнічай стрэльбы. У садовым доміку пры ператрусе ў Купрэшына знайшлі порах.
Спынілі крымінальную справу ў дачыненні прафсаюзнага лідара Мікалая Шараха
На пачатку верасня следчы 1-га следчага аддзялення Полацкага РАУС маёр юстыцыі Шаўкун апавясціў старшыню Свабоднага прафсаюзу Беларускага (СПБ) Мікалая Шараха аб спыненні ў дачыненні яго крымінальнага пераследу. Падставай для закрыцця справы стала тое, што прафсаюзны лідар не чыніў дзеянняў, у якіх яго падазравалі.
«Справакавалі на прыбіранне памяшкання». Палітвязню Ігару Банцэру дадалі яшчэ 10 сутак ШІЗА
5 верасня з ШІЗА віцебскай папраўчай установы адкрытага тыпу №9 пасля 30 сутак пакарання мусіў выйсці гарадзенскі панк-музыка Ігар Банцэр. Аднак, як стала вядома, музыка атрымаў чарговыя 10 сутак. Першапачаткова пасля ўзмацнення ціску з боку адміністрацыі Банцэр трапіў у штрафны ізалятар за адмову прыбіраць памяшканне.
Палітзняволенай Юліі Кашаверавай не задаволілі просьбу аб памілаванні
Палітзняволенай віцяблянцы Юліі Кашаверавай адмовілі ў памілаванні. Як паведаміў бацька Юліі, прашэнне аб памілаванні напісала ейная бабуля. Камісія ў пытаннях памілавання і вызвалення ад крымінальнай адказнасці прашэнне разгледзела, але не задаволіла. Як паведамлялася раней, Кашаверава ўжо дасылала прашэнне аб памілаванні ў так званы "Круглы стол дэмакратычных сіл" (КСДС), які ўзначальвае Юрый Васкрасенскі.
Віцябляніна Юрыя Серабро прызналі палітвязнем. Ён асуджаны на паўтара года калоніі
23 жніўня праваабарончая супольнасць прызнала шэраг грамадзян Беларусі, асуджаных па розных крымінальных артыкулах, палітычнымі зняволенымі. Сярод іх – 41-гадовы жыхар Віцебску Юры Серабро, які за каментар у сацсетцы на адрас Лукашэнкі быў асуджаны па ч. 1 арт. 368 КК («Публічная абраза прэзідэнта РБ») на паўтара года калоніі агульнага рэжыму. Сумесную заяву прадстаўнікоў беларускай праваабарончай супольнасці падпісалі 9 праваабарончых арганізацый.